(2 голосов, средний: 5,00 из 5)

Рупіўся дзеля Бога і людзей

Уладзімір Ляхоўскі

Пра жыццё і творчасць Лявона Вітан-Дубейкаўскага, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча часоў Беларускае Народнае Рэспублікі, таленавітага архітэктара, аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай дойлідскай школы, можна пісаць кнігі ды манаграфіі: настолькі цікавая і шматгранная ягоная постаць у найноўшай гісторыі Беларусі. Але перадусім быў ён шчырым католікам і дабрадзеем, які апекаваўся Касцёлам, рупіўся пра добрых людзей, не зважаючы на іхнюю рэлігійную і нацыянальную прыналежнасць або палітычныя перакананні. Каб акрэсліць галоўнае ў асобе Дубейкаўскага, бадай, дастаткова будзе двух словаў: Чалавек і Хрысціянін.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі, консул БНР у Варшаве. 1919 г. (БДАМЛіМ).

Нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі 7 ліпеня 1869 г. (паводле звестак ягонай жонкі, Юліяны — у 1867 г.; дні месяца пададзены па старым стылі) у засценку Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні.

Паходзіў Лявон Дубейкаўскі са старажытнага шляхецкага роду, які браў свой пачатак прыкладна з ХIV ст., з часоў існавання ўдзельнага княства Імсціслаўскага. Некалі заможны род падчас падзелаў Рэчы Паспалітай збяднеў ды заняпаў. Ужо не адрозніваючыся ад тутэйшых сялянаў ні юрыдычным, ні матэрыяльным станам, Дубейкаўскія непахісна трымаліся старых традыцыяў, былі вартыя шляхецкай годнасці ды веры сваіх продкаў.

Л.Дубейкаўскі з бацькамі. Малюнак варшаўскага мастака Ф.Палконскага, зроблены ў 1901 г. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Друкуецца ўпершыню).

Галава сям’і, Ян Дубейкаўскі, быў чалавекам строгім, ганарлівым, які жыў паводле старых дзедаўскіх законаў. Не заўсёды яму хапала такту ды разумення ў дачыненні да сына, якога не раз караў за дзіцячыя правіны. Ад бацькі ў маладога Дубейкаўскага былі тыя ж прынцыповасць і гонар, мужчынская годнасць, апантанасць у сваёй справе.

Лявонава маці, Агапа, з роду Дзеружынскіх, наадварот, вызначалася вясёлым ды лагодным характарам, да кожнага мела падыход, для кожнага знаходзіла патрэбнае слова. Да цёткі Агапы ўсе навакольныя сяляне звярталіся па параду, прыходзілі з сваімі хваробамі, бо тая мела на кожную зелле, запрашалі да парадзіхаў, за што суседскія дзеці ласкава называлі яе «бабуляю». «На вяселлі або пахове, — пісала, паводле ўспамінаў мужа, Юліяна Дубейкаўская, — яна першая пачынала адпаведную песню пяяць, а глыбокая рэлігійнасць ейная, дзе ўсё прымалася як праява Божае волі й ласкі, завяршалі духоўнае багацце гэтае абдоранае натуры, што не знала канфліктаў альбо нездавальнення… Яна, як і ейны муж, былі цэльнымі натурамі, што цвёрда трымаліся тастамэнту бацькоў і веры, жылі адным чынам – «як Бог загадаў». Дзякуючы сваёй маці, яе жывой сувязі з Касцёлам, пачутым з яе вуснаў беларускім народным казкам, прымаўкам ды песням, Лявон Дубейкаўскі з малых гадоў жыў з Панам Богам у сэрцы, з любоўю да свайго народа і ягоных традыцыяў. Менавіта маці першая далучыла Лявона да беларускага слова. Пасталеўшы, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. Ён аўтар байкі «Пацягне воўк — пацягнуць і воўка» ды верша «Бура», напісаных яшчэ на пачатку 1890-х гг. Пазней Дубейкаўскі вельмі шкадаваў, што ў маладосці не запісваў матчыных прыказкаў ды спеваў, бо гэта б была сапраўдная скарбонка народнага эпасу.

Касцёл у Мсціславе, дзе быў хрышчаны Л.Дубейкаўскі. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.)

Пасля заканчэння Мсціслаўскага гарадскога вучылішча перад Лявонам паўстала пытанне выбару далейшага жыццёвага шляху. Грошай на навучанне ў мясцовай гімназіі ў сям’і не было. Малады Дубейкаўскі наадрэз адмовіўся ад прапановы бацькі йсці ў пісары: для яго лепш было б хадзіць за плугам ды касіць, чымсьці ўсё жыццё перапісваць канцылярскія паперкі. Ягоныя думкі даўно ўжо апанавала мара прысвяціць сябе будаванню Божых святыняў, патрэбных людзям дамоў ды палацаў.

Яшчэ ў дзяцінстве Лявона захапляла і ўражвала сваёй узнёсласцю ды гармоніяй архітэктура як мясцовых касцёлаў, так і праваслаўных бажніцаў. Калі будаўнікі аднаўлялі стары касцёл, ён цэлымі днямі выпытваў у цесляроў ды муляроў сакрэты іхняга рамяства. Ад тых майстроў малады Дубейкаўскі і даведаўся, што ў Варшаве існуе адмысловая будаўнічая школа.

У 17 гадоў, насуперак волі бацькі, Лявон Дубейкаўскі выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка. Каб зарабляць грошы на навучанне ды пражыццё, вечарамі падпрацоўваў на будоўлі. Новую для сябе навуку Дубейкаўскі спасцігаў старанна, з ахвотаю, заўсёды быў сярод першых вучняў.

На радзіму Лявон вярнуўся толькі праз два гады, маючы ўжо дыплом прафесійнага будаўніка. З пачатку 1890-х гг. Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем каталіцкіх святынь у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, у мястэчках Свіслач Асіповіцкага павета і Смаляны Аршанскага павета. Падчас рэканструкцыі Смалянскага касцёла яму пашчасціла працаваць разам з архітэктарам Даўкшам, вядомым майстрам сваёй справы. Знаёмства з ім шмат у чым вызначыла далейшы прафесійны выбар Дубейкаўскага.

У часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілеўшчыне Дубейкаўскі блізка пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для Лявона была «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам з сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў напамяць. Гэта быў пачатак росту яго нацыянальнай самасвядомасці. Адчуць сябе беларусам Лявону дапамагло таксама блізкае знаёмства з магілёўскім святаром Станіславам Дзенісевічам, будучым арцыбіскупам, аўтарам «Элемантажа для добрых дзетак католікаў» (Пецярбург, 1906), напісанага на беларускай мове.

Касцёл у Смаленску, узведзены
Л.Дубейкаўскім у 1897 г.

Атрымаўшы ў 1896 г. патэнт на будаўніцтва Смаленскага касцёла, Лявон Дубейкаўскі пераехаў у Смаленск на сталае жыхарства. У 1897 г. з мэтаю лепшай арганізацыі ўласнай будаўнічай справы ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л.Дубейкаўскі і Ко», а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў. Разам з будаўніцтвам цывільных будынкаў Дубейкаўскі ўзводзіць па просьбе мясцовых праваслаўных святароў цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне Смаленскай губерні…

Каб удасканаліць свае веды і кваліфікацыю ў будаўнічай справе, Дубейкаўскі праз нейкі час выехаў на вучобу ў Пецярбург, дзе праз год экстэрнам здаў іспыты на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў.

Але галоўная мэта ягонага жыцця была наперадзе. Падчас расійска-японскай вайны і рэвалюцыйных падзеяў 1905—1906 гг., калі будаўнічае прадпрымальніцтва ў Расіі перажывала заняпад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі вырашыў ліквідаваць сваю справу (прадаў уласны завод, паклаў грошы ў банк) і выехаў на вучобу ў Парыж, у архітэктурную школу (Ecole Special d’Architekture). У Парыжы ён спасцігаў сакрэты лепшых архітэктараў, якія былі на той час заканадаўцамі еўрапейскага дойлідства. Сярод ягоных асабістых папераў, што захаваліся і знаходзяцца цяпер у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, ёсць вялікая колькасць замалёвак унутранага і вонкавага аздаблення Нотр-Дама (Сабора Парыжскай Божае Маці), а ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ёсць ягоныя архітэктурныя праекты цывільных будынкаў, зробленыя пад уплывам французскага мадэрну, у тым ліку ягоная дыпломная праца: «Gimnaze Fagade…». Сярод архітэктурных распрацовак Дубейкаўскага, што захоўваюцца ў музеях Беларусі, ёсць некалькі праектаў касцёлаў, выкананых у неараманскім і неагатычным стылях, але дакладная даціроўка на іх адсутнічае.

Л.Дубейкаўскі за чарцёжным кульманам падчас штудыяў у Архітэктурнай школе ў Парыжы. 1909 г. (БДАМЛіМ. Друкуецца ўпершыню.)

Атрымаўшы ў 1910 г. дыплом архітэктара-мастака, Дубейкаўскі ўладкаваўся на працу ў Варшаве, у прыватнае архітэктурна-будаўнічае бюро Лільпопа і Янкоўскага. Набраўшыся за 3 гады прафесійнага вопыта ды склаўшы патрэбны капітал, Лявон стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Адначасова ён выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскай сярэдняй прамыслова-тэхналагічнай вучэльні інжынера Пятроўскага. Па ягоным праекце была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў, шэраг даходных дамоў у Варшаве. У асяродку тамтэйшых архітэктараў ды будаўнікоў Лявон Вітан-Дубейкаўскі карыстаўся заслужаным аўтарытэтам, ён уваходзіў у склад «Koła architektów w Warszawie». Этапнаю для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля па вул. Флора, 7 у Варшаве, які ён выканаў у стыле еўрапейскага мадэрну. Для будаўніцтва архітэктурнага комплексу ў пачатку 1914г. былі праведзены падрыхтоўчыя работы, але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны далейшая праца была, на жаль, спынена.

Знаходзячыся па-за межамі Беларусі, Дубейкаўскі не парываў сувязі з Бацькаўшчынаю. Дойлід стала выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, ліставаўся з рэдакцыямі газеты «Наша Ніва» і каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus». Некалькі разоў ён наведваў Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з лідэрамі нацыянальнага руху: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзімірам Сталыгвам, кс. Францішкам Будзькам ды інш., дапамагаў матэрыяльна выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца». Іваноўскі рупіўся пра пераезд Дубейкаўскага ў Вільню на вакантную пасаду архітэктара горада, але гэтыя планы парушыла вайна…

Увосень 1916 г. Дубейкаўскі прыехаў у Пецярбург, дзе атрымаў нечаканую прапанову ад кс. Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла.

У гэты ж час у паўночнай расійскай сталіцы сіламі маладых клерыкаў, слухачоў Пецярбургскай каталіцкай акадэміі, быў створаны нацыянальны гурток, які паклаў пачатак Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Душою і адным з галоўных арганізатараў суполкі быў ужо згаданы кс. Фр.Будзька, шчыры прыхільнік беларушчыны. Разам са сваімі паплечнікамі Будзька фундаваў створаную ў той час газету «Świetač» (выйшла ўсяго 7 нумароў), але галоўнай ягонай марай было стварэнне першай беларускай каталіцкай парафіі, дзе б казанні ды дадатковае набажэнства мовіліся па-беларуску. Кс.Фр.Будзька, які некалькі гадоў з’яўляўся вікарыем у Полацку, набыў у доўг невялічкі фальварак у вёсцы Янатруда Полацкага павету і пабудаваў там капліцу. Наступным крокам павінна было стаць будаўніцтва касцёла. Грошы на яго ўзвядзенне святар спадзяваўся атрымаць ад княгіні Магдалены Радзівіл. Праект самой святыні ён замовіў Дубейкаўскаму. Перад архітэктарам ставілася канкрэтная задача — узвесці касцёл у нацыянальным беларускім стылі.

Ранейшыя праекты касцёлаў Л.Дубейкаўскага. Дакладная даціроўка адсутнічае. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Друкуецца ўпершыню.)

Прыступаючы да выканання праекту, Дубейкаўскі ў думках вярнуўся да тых часоў, калі яму даводзілася аднаўляць старадаўнія хрысціянскія святыні на Магілеўшчыне, Віцебшчыне, Смаленшчыне. Ужо тады ён усур’ёз зацікавіўся народным драўляным дойлідствам. Пазней ён не раз узгадваў пра старую праваслаўную царкву, узведзеную яшчэ ў часы існавання уніі, у 2-й палове ХVІІ ст., па суседству з Дубейкавам, у сяле Вялікае Пірагова. Звонку яна ўяўляла сабой звычайную сялянскую хату, складзеную з трох рознай шырыні бярвенных зрубаў, якія складалі адзіную тэктанічную цэласнасць праз шатровы гонтавы дах з навісямі, што абапіраліся на кроквы. Над бабінцам узвышалася вежа, якая мела некалькі ярусаў. Усё гэта надавала святыні строгую ўзнёсласць і лаканічную выразнасць. Царква прастаяла да пачатку 1890-х гадоў. Але прышламу з Расіі бацюшку не спадабаўся яе «уніяцкі выгляд». Загадаўшы яе разабраць, ён пабудаваў на гэтым месцы новы храм, але ўжо ў «строго русском стиле». Усё гэта адбывалася на вачах Лявона Дубейкаўскага. А колькіх такіх ганебных фактаў руйнавання беларускай архітэктурнай спадчыны ён не быў сведкаю — адзін Бог толькі ведае. У канцы ХІХ ст. расійскаю праваслаўнаю Царквою былі знішчаны дзесяткі, сотні уніяцкіх святыняў, якія складалі сапраўдны скарб народнага дойлідства.

Абапіраючыся на традыцыі беларускіх дойлідаў, Дубейкаўскі паступова выпрацаваў уласны архітэктурны стыль. Свой талент ён бліскуча праявіў падчас працы над праектам Янатрудскага касцёла. «Заданне, — пісаў ён пазней, — было, хоць прыемнае, але даволі цяжкае, бо ж у літаратуры — ані тэхнічнай, ані архітэктычнай аб беларускім стылю не было ніякага ўспаміну. Але, як трэба — то трэба! Застаўшыся без літаратурнай падмогі, глыбока ўдумаўся ў заданне, у ідэю нашага стылю, і запраектаваў касцёл». Архітэктар сціпла пры гэтым адзначыў: «Праўда, не зусім тут мая заслуга — галоўна памаглі думы-думы Нашага Народу». Ад сябе скажам, што ў гэтай і далейшых сваіх працах Дубейкаўскі выявіў сябе як сапраўдны наватар і творца.

На шчасце, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі захаваўся арыгінал праекту касцёла ў Янатрудзе, на якім пазначана дакладная дата выканання — лістапад 1916 г. Паводле праекту, касцёл павінен быў уяўляць сабою канструкцыю звычайнага бярвеннага зрубу, які б не быў ашаляваны дошкамі ці тынкоўкаю, без штучнага дэкору. Прынцыпова — толькі дрэва. Будынак мусіў мець вялікую прасторную наву і чатырох’ярусную вежу-званіцу над хорамі. З боку галоўнага ўвахода мясцілася галерэя на чатырох слупках-калонах. Шацёр галерэі абдымаў вежу, ствараючы з агульным дахам адзіную прастору. Краі гонтавага даху далёка навісалі над сценамі, выгінаючыся ўверх на доўгіх кроквах. Прастата і ў той жа час дынамічнасць канструкцыі, арыгінальная пабудова, дасканалае тэхнічнае выкананне даху і шматяруснай вежы — усё гэта надавала касцёлу непаўторны вобраз. Можна пагадзіцца з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім, які выказаў думку, што Янатрудскі касцёл аднолькава мог бы служыць прататыпам храма і для каталікоў, і для праваслаўных, і для пратэстантаў, бо ў ім сканцэтраваны традыцыі векавога хрысціянства на Беларусі.

Праект касцёла ў Янатрудзе Полацкага павета. Лістапад 1916 г. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Друкуецца ўпершыню.)

Дзякуючы хадайніцтву біскупа Эдварда Ропа Францішак Будзька дамогся ад афіцыйных расійскіх уладаў зацвярджэння праекту касцёла ў Янатрудзе. Але лютаўская рэвалюцыя 1917 г. парушыла ўсе планы беларускага святара. Духоўна знясілены, кс. Фр. Будзька надоўга захварэў, а 2 лютага 1920 г., на Грамніцы, заўчасна памёр, так і не здзейсніўшы свае галоўнай мэты апошніх гадоў жыцця. Гэтыя сумныя звесткі вельмі ўразілі Дубейкаўскага, «абнялі яго цяжкім сумам». Ягоная «сымфонія архітэктурнай паэзіі», як ён сам выказаўся, засталася незавершанаю.

Перыяд з 1917-га да 1921-га года Дубейкаўскі цалкам аддаў беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь ён пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, знайшоўшы прытулак у фальварку Міхаўцы пад Радашковічамі, у сядзібе беларускага літаратара і палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава. Дубейкаўскі шчыра вітаў Акт 25 Сакавіка, жадаючы аддаць увесь свой талент і энергію на адбудову незалежнасці Бацькаўшчыны.

З 1 чэрвеня 1918 г. пастановаю Народнага сакратарыята Беларусі Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам БНР. Ён пачаў распрацоўваць узоры дзяржаўных нацыянальных узнагародаў (эскізы гэтых узораў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па заданні ўрада БНР летам таго ж года архітэктар завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе. Атрымаўшы ўрадавую грашовую субсідыю, Дубейкаўскі сам паехаў туды і ўзначаліў будаўніцтва. Але польская акупацыя не дазволіла яму завяршыць распачатае справы. Па загадзе новай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была ліквідавана як «прытулак бальшавізму».

Украінскі святар кс. Ісафат Жан (злева) у гасцях у Лявона Дубейкаўскага з невядомаю асобаю. Варшава, 1920 г. (БДАМЛіМ. Друкуецца ўпершыню.)

На пачатку польскай акупацыі Лявон Дубейкаўскі яшчэ меў ілюзіі, што ў польскім грамадстве пераможа ідэя салідарнасці з беларускім народам, што заходні сусед, кіруючыся старым клічам паўстанцаў 1863 г. «За нашу і вашу свабоду!» — дапаможа беларусам стварыць самастойную дзяржаву і вызваліцца ад маскоўскіх путаў. Каб паспрыяць паразуменню польскай і беларускай інтэлігенцыі, ён выступіў адным з ініцыятараў стварэння восенню 1919 г. Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Чапскі, Эдвард Вайніловіч ды інш. вядомыя асобы. Але хутка ілюзіі зніклі. Цвёрда трымаючыся ідэі незалежнасці роднай Бацькаўшчыны, Дубейкаўскі смела выступаў у беларускім друку супраць польскага шавінізму. Калі арганізавалася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, ён уступіў у яе шэрагі. Ведаючы добрыя сувязі Дубейкаўскага ў Варшаве, старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч зацвердзіў яго на пасаду консула беларускага ўрада ў Польшчы. Адбылося гэта 15 чэрвеня 1919 г. На той час Дубейкаўскі меў добрую працу (пасаду архітэктара ў г.Янаве Люблінскага ваяводства), але, усведамляючы маральную адказнасць перад сваім народам і краінаю, ён пакінуў прыбытковае месца і выехаў у польскую сталіцу бараніць інтарэсы Беларусі. У кастрычніку 1919 г. ён ініцыяваў стварэнне Варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэта, выконваў абавязкі ягонага старшыні. Дубейкаўскі годна трымаў сябе як упаўнаважаны Беларускай Народнай Рэспублікі і рабіў усё магчымае і немагчымае на карысць беларускай справы.

Асобнаю старонкаю ў жыццяпісе Лявона Вітан-Дубейкаўскага стала ягоная дабрачынная дзейнасць у беларускіх дзіцячых прытулках у Горадні і Беластоку. Пасля масавых арыштаў польскаю дэфінзіваю ў 1921 г. большасці актывістаў беларускага руху на Горадзеншчыне і ліквідацыі нацыянальных арганізацыяў, выхаванцы гэтых прытулкаў засталіся без матэрыяльнай апекі, фактычна пакінутыя паміраць з голаду. Дубейкаўскі аббіваў парогі польскіх міністэрстваў, звяртаўся ў дабрачынныя таварыствы Польшчы, Нямеччыны, Англіі, ЗША ды інш. краінаў, каб адшукаць сродкі на патрэбы дзяцей-сіротаў.

Без хвалявання нельга чытаць радкі з лістоў загадчыцы Горадзенскага дзіцячага прытулку Станіславы Буйлянкі (роднай сястры беларускай паэткі Канстанцыі Буйло-Калечыц) да Дубейкаўскага.

З ліста ад 16 верасня 1921 г.: «Дзядзечка даражэнькі! «Як трывога, дык да Бога». Таксама і я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што … із гэтай бяды села і Вам пісаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохі грошаў… Ад ураду не атрымліваем грошаў саўсім. Нават у Магістрату нам не далі за 2 месяцы… А тут, як на большае нашае гора, у гэтым месяцы цэны страшэнна пайшлі ў гару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым месяцы дзеці галадалі і расход — 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзеці лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьці страшэннае… Я з гэтага ўсяго расхварэлася і ляжу ўжо другі тыдзень, але добра, што хоць цяпер нічога не бачу і не ведаю… Дык хутка мусіць і трэба будзе перастаць есці — прадуктаў жа амерыканскіх толькі яшчэ на дзён сем хопіць. Палажэнне страшэннае… Калі можаце, Дзядзечка, памагчы чым-небудзь, дык памажыце». З ліста ад 7 кастрычніка т.г.: «Дзядзечка даражэнькі! Даруйце, што дагэтуль не напісала, не падзякавала за дапамогу, вельмі ў час прысланую. Дзякаваць Богу, так неяк трохі маркі да нас ад таго часу паплылі й ужо не галадаем і трохі вокны ўставілі. Дэлегат даў даўно ўжо 35 тысячаў… Толькі здароўя, Дзядзечка, здароўя няма. Вось бяда. Як зробіцца гарачка пад 39 [градусаў], дык ужо ляжу як пласт і гатоўлюся паміраць, тады ўжо большым пэўная, што ўжо ніколі не ўстану, а сягоння крыху лепей, дык зноў робіш планы, зноў жывеш жыццём здаровага чалавека. Ну, надакучыла Вам Дзядзечка, але гэта яшчэ вясёлы ліст. Каб у другім часе пісала, дык бы яшчэ горш надакучыла б пісанінай сваёй…»

Праз некалькі дзён Станіслава памерла. Але засталіся яе добрыя справы. Засталася памяць тых беларускіх дзетак, у імя якіх такія высакародныя людзі, як Станіслава Буйлянка і Лявон Вітан-Дубейкаўскі ахвяравалі сваю душу, сваю працу і жыццё.

Калі ўжо не заставалася ніякай магчымасці ўтрымліваць у Горадні дзіцячы прытулак, Дубейкаўскі парупіўся, каб перавезці сіротаў у Вільню, у бурсы падрыхтоўчых класаў беларускай гімназіі.

Робячы агляд палітычнай дзейнасці Лявона Дубейкаўскага, прыходзіш да дзіўнай высновы: паўнамоцны прадстаўнік БНР у Варшаве, актыўны сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, удзельнік не адной палітычнай канферэнцыі дэмакратычных сілаў Беларусі так і не стаў прафесійным палітыкам. Ён заўсёды цвёрда трымаўся незалежніцкай лініі, рашуча выступаў у абарону нацыянальных і сацыяльных правоў свайго народа, але да сваіх апанентаў заўсёды ставіўся талерантна, у кожным бачыў чалавека, а не ідэалагічнага ворага. Настойліва змагаўся супраць няпраўды і няшчырасці, нават насуперак партыйнай дысцыпліне. Ад змены палітычнай кан’юнктуры ніколі не кідаўся ў крайнасці. Так, падчас Пражскай агульнанацыянальнай палітычнай нарады 1921 г. архітэктар бараніў ад ілжывых паклёпаў у арганізацыі габрэйскіх пагромаў генерала Булак-Булаховіча, хоць у сябры да яго не набіваўся, лічыў апошняга авантурнікам. Не прымаючы праграмы рэвалюцыйных дзеянняў і ідэалогіі беларускіх эсэраў, Дубейкаўскі, тым не менш, зрабіў усё, дамагаючыся ад польскіх уладаў вызвалення з астрогу актывістаў гэтай партыі. Дзякуючы персанальнаму заступніцтву Дубейкаўскага, на свабоду выйшлі пасля доўгіх месяцаў турмы адзін з лідэраў рэвалюцыйнага крыла беларускага вызвольнага руху Тамаш Грыб, а таксама Паўліна Мядзёлка, Уладзімір Курбскі, Аляксандр Уласаў ды шмат іншых. Архітэктар звяртаўся да самога маршалка польскага сейма, просячы амністыі для беларускіх патрыётаў, асуджаных у 1922 г. па справе «45-ці».

Шчырасць і адкрытасць Дубейкаўскага не раз прыносілі яму цяжкія ўдары лёсу. Да паклёпаў ды інтрыганства нядобразычліўцаў ён прызвычаіўся даўно. Але толькі не да здрады сяброў і паплечнікаў.

У пачатку 1922 г. кандыдатура Лявона Дубейкаўскага была вылучана беларускім дэмакратычным згуртаваннем на выбары ў сенат сейму Польшчы, але напярэдадні выбараў па патрабаванні Антона Луцкевіча прозвішча архітэктара было выкраслена з перадвыбарчага спісу. Праз левую сацыялістычную прэсу лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў абрынуў на Дубейкаўскага абвінавачванні ў прадажнасці польскай дэфінзіве і здрадзе нацыянальным інтарэсам. Ад такога ўдару ў спіну Дубейкаўскі быў блізкі да самагубства. Спроба дыскрэдытацыі архітэктара ў вачах свядомага беларускага грамадства была помстаю за ягоную адмову ўступіць у адну з віленскіх масонскіх ложаў, да якой належаў сам Луцкевіч. Дубейкаўскі і тут праявіў высакародства, не сказаўшы нікому, акрамя свайго духоўніка, кс. Адама Станкевіча, усёй праўды пра гэтую «справу». 16 лютага 1925 г. на судзе годнасці, у прысутнасці кс. Адама Станкевіча, адваката Тадэвуша Урублеўскага, Уладзіміра Самойлы ды інш., было вынесена асуджэнне ўчынку Антона Луцкевіча як «недапусцімага неагляднымі адносінамі да добрага імя свайго палітычнага праціўніка і чалавека, учынку, які не знаходзіць сабе апраўдання». Значна раней Луцкевіч, быццам бы забыўшыся пра нанесеную душэўную рану архітэктару, пачаў зноў шукаць з Дубейкаўскім сяброўства, «працягваць руку да згоды» ды клікаць «пад стары штандар». Дубейкаўскі адмовіўся ад такой «шчырасці» і цалкам адышоў ад палітычных справаў.

Вытрываць удар лёсу архітэктару дапамагла ягоная жонка Юліяна, у дзявоцтве Мэнке, дачка нямецкага гандляра, які ў свой час асеў у Вільні. Юліяна працавала выкладчыцаю Віленскай беларускай гімназіі, была шчыраю прыхільніцаю беларускага народа і яго нацыянальнай справы. Нарэшце старому кавалеру пашанцавала на добрую жанчыну, у асобе якой ён знайшоў шчырую каханую, вернага сябра, з якім да канца жыцця дзяліў усе радасці ды нягоды. Шлюб іхні быў асвечаны 22 лютага 1922 г. у Віленскім касцёле св.Мікалая кс.Адамам Станкевічам. Пасля шлюбу Францішка Кушаля з Наталляй Арсенневай гэта была другая касцёльная ўрачыстасць у Вільні, якая вялася на беларускай мове.

Пасля ўсіх жыццёвых прыкрасцяў Лявон Вітан-Дубейкаўскі скіраваў усю сваю энергію і талент з палітычнай нівы на ніву культурную і рэлігійную.

З 1922 г. ён пасяліўся ў Вільні і вёў прыватную архітэктурную практыку. У тым жа годзе архітэктар спраектаваў драўляную царкву для старавераў у м. Відзы, а яшчэ праз год узначаліў перабудову бернандынскіх муроў для факультэта мастацтваў Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя. Па праекце Дубейкаўскага быў узведзены прыватны дом па вул. Славацкага. Нарэшце, да сярэдзіны 20-х гг. ён збудаваў уласную сямейную сядзібу на вул. Падгорнай, куды ў 1926 г. пераехаў разам з жонкаю.

Не парываў Дубейкаўскі сувязі і з беларускім рухам, супрацоўнічаў галоўным чынам з хрысціянска-дэмакратычнымі арганізацыямі. Ён пастаянна ахвяроўваў грошы на газету «Беларуская Крыніца», матэрыяльна дапамагаў беларускім студэнтам у Вільні і Варшаве.

У 1925 г. ён заснаваў мулярскую школу, жадаючы перадаць свой багаты прафесійны вопыт моладзі. Вучэльня стваралася ў цяжкіх умовах, літаральна на пустым месцы. Спачатку не было ні ўласнага памяшкання, ні патрэбнага абсталявання, ні вялікіх фінансавых сродкаў. Пры арганізацыі навучальнай установы Дубейкаўскі праявіў сябе не толькі як кваліфікаваны і таленавіты педагог, але і як рэальны адміністратар. Фактычна ён заклаў асновы новай прафесійна-тэхнічнай адукацыі на Беларусі. Гэты вопыт, на жаль, забыты і не запатрабаваны сёння.

Пад сваю мулярскую школу архітэктар здолеў прыстасаваць, пасля перапраекціроўкі ды перабудовы, былы бровар братоў Ліпскіх. Паступова педагагічная рада вучэльні разжылася новым абсталяваннем і навучальным інвентаром. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў гэтым пачынанні дапамагала дзяржава. Плата за навучанне ў школе была памяркоўнаю. Па ініцыятыве Дубейкаўскага найбольш бедных навучэнцаў бралі на казённы кошт.

Архітэктар імкнуўся прыцягнуць да вучобы ў школе выхадцаў з вёскі, большасць якіх была беларусамі. Дзеля гэтага трэба было арганізаваць навучэнскія бурсы. Але на інтэрнат віленская адміністрацыя не адпускала грошы. Кіраўнік школы пайшоў на смелы эксперымент. Замест таго, каб выпрошваць грошы ва ўладаў, ён спрабаваў зарабіць іх сам разам са сваімі выхаванцамі. Са старэйшых навучэнцаў Дубейкаўскі стварыў мабільную будаўнічую суполку і пад сваім кіраўніцтвам, падчас летніх вакацыяў, выконваў заказы на будаўніцтва гандлёвых складаў, майстэрняў, святыняў ды інш. Узвядзенне ў 1929 г. драўлянага касцёла ў мястэчку Дрысвяты на Браслаўшчыне — найлепшы ўзор таго, што стварыў Лявон Вітан-Дубейкаўскі разам са сваімі 16—18-гадовымі памочнікамі.

Праект Дрысвяцкага касцёла быў выкананы архітэктарам яшчэ ў 1924 г. па просьбе мясцовай парафіяльнай рады. Толькі ў 1927 г. Дубейкаўскі прыступіў да ягонага практычнага выканання. Будаўніцтва святыні было ажыццёўлена ў скарочаныя тэрміны — усяго за два летнія сезоны 1927-га і 1929-га гадоў. Касцёл быў узведзены на месцы старой святыні ХV ст., на высокім пагорку старажытнага замчышча, што ўпіраецца ў шырокае Дрысвяцкае возера.

Вонкавы выгляд касцёла ў Дрысвятах.

У кампазіцыі дрысвяцкага касцёла святых Пятра і Паўла традыцыі беларускага старажытнага дойлідства спалучыліся з мадэрнісцкімі элементамі, якія арганічна ўпісваліся ў агульны кантэкст архітэктурнага твора. Прастакутны ў плане будынак святыні з трохграннай алтарнай апсідаю, бабінцам і закрыстыямі накрыты гонтавым дахам складанай формы. Галоўны фасад вылучае стромкая 5-ярусная вежа-званіца (1-2-і ярусы выкананы як чацверыковыя, 2-3-і — васьмерыковы, 4-5-ы — цыліндрычныя). Да вежы званіцы кампазіцыйна прывязаная вежа-сыгнатура, меншая па вышыні і больш развітая. Дзве гэтыя вежы сімвалізуюць кананічную еднасць святых апосталаў — Пятра і Паўла. Галоўны ўваход у касцёл афармляюць падчэнні на 4-х мураваных слупах. Нутраны інтэр’ер касцёлу падзелены 8 слупамі на навы. Столь кесапіравана з арнаментальнаю размалёўкаю. Над бабінцам размешчаны хоры. Дрысвяцкую святыню шмат што яднае з праектам Дубейкаўскага Янатрудскага касцёла, пра які тут ужо была гаворка. Пры ўзвядзенні храма ў Дрысвятах таксама выкарыстоўваліся толькі дрэвы ды бетон. Пры знешнім аздабленні цалкам адсутнічаў дэкор. Праўда, рубленыя сцены Дрысвяцкага касцёла ашаляваныя дошкамі, у якіх былі прарэзаны прастакутныя арачныя і круглыя вокны. Архітэктарам выкарыстана таксама распрацаваная ім яшчэ падчас працы над праектам Янатрудскага касцёла арыгінальная тэхніка канструкцыі з бярвенняў зрубу ды іншыя новаўвядзенні ў драўлянае будаўніцтва. «Бярэ ахвота, — напіша архітэктар пазней, — пахваліцца манументальнай будовай — дзераўляным, трохнававым з высокай вежай касцёлам… у Дрысвятах, у павеце Браслаўскім… сцены агэблены нагладка, у злучвах, між вянцоў не відаць ані мшэння, ані шчэлак, столь — на закладку, а на кантах бэлек цягнецца разьба шнурочкам… і ўсе паасобныя фрагменты выпаўнены па-мастацку, а ў агуле даюць сымпатычную сынтэзу… монумэнтальную форму, прыпамінаючы наш беларускі стыль». Заслуга Дубейкаўскага і ў тым, што ён арганічна ўпісаў свой архітэктурны твор у навакольны краявід. Прынцып архітэктара, што жытло чалавечае ды храм павінны быць працягам храма прыроды — быў удала ўвасоблены падчас будаўніцтва Дрысвяцкага касцёла.

На заробленыя ў летнія месяцы грошы Дубейкаўскі арганізаваў курсы для іншагародніх навучэнцаў, а грошы, якія заставаліся, паклаў у банк. З прыбытку, што ішоў з банкаўскіх адсоткаў, збіраўся асобны грашовы фонд для выпускнікоў школы. У выпускны дзень былыя навучэнцы разам з пасведчаннямі аб заканчэнні навукі ў школе атрымлівалі дадаткова па 100—150 злотых.

Але і пасля таго, як ягоныя выхаванцы пакідалі вучэльню, іхні былы настаўнік не забываў пра іх. У 1927—32 гг., калі ў Польшчы пачаўся і быў у разгары эканамічны крызіс, Дубейкаўскі арганізаваў са сваіх былых выхаванцаў будаўнічую арцель, якая, дзякуючы прадпрымальніцтву ды арганізацыйнаму таленту свайго кіраўніка, мела пэўны даход і забяспечвала працаю маладых людзей. Адзначым, што за сваё кіраўніцтва Дубейкаўскі грошай не браў. Сёння б сказалі: працаваў на грамадскіх пачатках.

Школа, якой кіраваў архітэктар, планавалася ад самага пачатку як навучальная ўстанова па падрыхтоўцы будаўнікоў-муляроў. Але, улюбёны ў драўлянае будаўніцтва, разумеючы яго вялікае значэнне для патрэбаў краю, архітэктар стварыў пры мулярскай школе аддзяленне па навучанні цяслярскай справе. Падрыхтоўка цесляроў была даведзена Дубейкаўскім да высокага ўзроўню, што не раз адзначалася Міністэрствам будаўніцтва Польшчы. У 1927 г. навучальная ўстанова была перайменавана ў школу будаўнічых рамёстваў. Колькасць навучэнцаў вырасла да 120 чалавек. Пры бурсах была арганізавана бясплатная сталоўка. Акрамя цяслярскага аддзялення, планавалася адкрыць таксама аддзяленні па падрыхтоўцы сталяроў і печнікоў. Дубейкаўскім зрабіў праект новага будынка школы, для якога падабраў адну з гарадскіх пусткаў. Хоць навука ў вучэльні вялася па-польску, Дубейкаўскі імкнуўся на сваіх лекцыях і практычных занятках давесці вучням ідэі нацыянальнага адраджэння, дапамагчы ім усвядоміць сябе беларусамі.

Але такое патрыятычнае выхаванне ў беларускім духу не падабалася вышэйшаму польскаму начальству. З боку віленскага кураторыя, якому падпарадкоўвалася школа, пачалася дыскрэдытацыя і бюракратычны ўціск. Дубейкаўскага вымушаны быў пакінуць дырэктарскую пасаду і перавесціся на іншую працу.

Перажываючы свой адыход з вучэльні, ён у пачатку вясны сур’ёзна захварэў і быў прааперыраваны ў мясцовым шпіталі. Пасля выздараўлення Дубейкаўскі пакінуў выкладчыцкую дзейнасць і ўзнавіў прыватную архітэктурную практыку.

Выгляд Друйскага кляштара марыянаў падчас рэканструкцыі пад кіраўніцтвам Л.Дубейкаўскага. 1930-я гг. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.)

30-я гады былі адносна спакойныя ў жыцці архітэктара. Цяпер у яго заставалася больш часу і для грамадскай працы. Дубейкаўскі быў абраны старшынёю парафіяльнай рады пры віленскім касцёле св. Мікалая, актыўна працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры. У сядзібе інстытута ды ў мурах самаго касцёла ён чытаў лекцыі па гісторыі беларускага дойлідства. Калі з Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай арганізацыі выдзелілася група кс.Вінцэнта Гадлеўскага і пачала ствараць сваю газету «Беларускі Фронт», Дубейкаўскі дапамагаў ёй матэрыяльна. У 1934—1938гг. па просьбе айца Андрэя Цікоты архітэктар кіраваў аднаўленнем кляштара для ордэна айцоў марыянаў у Друі, а таксама францішканскага сабора ў Вільні, зрабіў праект каталіцкага кляштара ў Непакалянаве каля Варшавы. Летам, у час адпачынку, рупліва даглядаў свой сад і ўласную пасеку, а зімою дапісваў галоўную працу жыцця — «Эвалюцыя і рэформа дзераўлянага будаўніцтва», дзе разглядаў гісторыю драўлянага дойлідства і будаўніцтва мястэчак ды гарадоў Беларусі. Ва ўступе да сваёй працы «Як будаваць хату» (1937 г.) ён пісаў: «У беларускім пісьменстве няма дагэтуль нічагусенькі аб нашым дзеравянным будоўніцтве, а калі што на кніжным рынку знаходзіцца, то гэта — у чужой, мала або й зусім незразумелай для беларуса, мове, ды й чужога пакрою, з недахопамі апрацоўкі ды нашых гаспадарчых патрэб, а таксама і традыцыі беларускага дзеравяннага будаўніцтва. І гэта наша крыўда.

Кожны народ, каторы не бароніць сваіх традыцыяў наагул, а асабліва ў будаўніцтве — траціць свае прыродныя асаблівасці, сваю родную культуру і тым-самым — імкнецца к загладзе і смерці свайго народу.

Беларускі Народ будучы многа вякоў у палітычнай ды гаспадарчай няволі — занямог і зыйшоў к жыццю прымітыўнаму, захаваў толькі адзіны прыродны свой скарб — мову, а так-жа ўсцярог абыдзённыя свае традыцыйныя звычаі, аднак ня меў ён матэрыяльнай сілы, каб падтрымліваць традыцыйныя асаблівасці свайго будаўніцтва, якое ўсцяж руйнавалася, часам пажарамі і многалікімі ваеннымі падзеямі і яно — заняпала.

Старасвецкія здабыткі дзеравяннага будаўніцтва, якія дзе-ні-дзе яшчэ можна бачыць: — як званічкі, царкоўкі, касцёлкі, а так-жа двары, свірны і іншыя астаткі руін, гэта — апошнія сведкі ў гісторыі беларускага будаўніцтва, якія даказваюць нашу мінуўшчыну.

Гэткі стан заняпаду дзеравяннага будаўніцтва наагул, а галоўнае, цяпер, калі сяло расходзіцца на паасобныя гаспадаркі аднадворнай сялібы (хутары), памкнуў мяне к суцэльнай апрацоўцы плянаў трох хат: меншай, сярэдняй і большай гаспадарскай хаты, а таксама двух домікаў для мястэчкавай інтэлегінцыі, каб, маючы прыклад і фаховую навуку, імкнуўся наш Народ к культурнаму будаўніцтву на падставе сваіх традыцыйных формаў архітэктуры і гаспадарчай стройнасці».

Дойлід марыў пра новае аблічча беларускага горада і беларускай вёскі. Дзеля гэтага ён праектаваў прыгожыя, светлыя, зробленыя ў традыцыях нацыянальнага дойлідства дамы, хаты, сядзібы і, канешне ж, святыні, дзе б чалавек мог адпачыць душою.

У суровую зіму 1939-40 гг. Дубейкаўскі перанёс цяжкі грып. Але бяда звычайна ходзіць не адна: яго дабіў рак страўніка. Архітэктар паміраў у шпіталі, калі прышлыя бальшавіцкія ўлады загадалі медычнаму персаналу паздымаць у палатах насценныя крыжы. Бачачы гэта, Дубейкаўскі ціха папрасіў жонку, што неадлучна сядзела пры ім: «Кветачка, вязі мяне да хаты, бо хачу ўмерці пры крыжу».

Памёр Лявон Вітан-Дубейкаўскі 6 лістапада 1940 г. Пасля жалобнай Імшы ў Віленскім францішканскім касцёле цела ягонае было пахавана на мясцовых каталіцкіх могілках Роса. У сакавіку 1941 г. жонка Юліяна парупілася паставіць на магіле мужа памятны камень з крыжам. На помніку, апрача імя ды датаў нараджэння й смерці, напісаны словы, якія часта паўтараў Лявон пры жыцці: «Не сумуйце, як тыя, што надзеі не маюць» (1 Тэс 4, 13). У гэтых словах уся Праўда: пакуль з намі Бог — жыве Надзея.

Аўтар публікацыі шчыра дзякуе супрацоўнікам
Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі
за дапамогу ў пошуку матэрыялаў да біяграфіі
Лявона Вітан-Дубейкаўскага.



Войти через loginza

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

 

上車盤| 搵樓| 豪宅| 校網| 居屋| 貝沙灣| 美孚新邨| 嘉湖山莊| 太古城| 日出康城| 九龍站 | 沙田第一城| 樓市走勢| 青衣| 西半山| 西貢| 荃灣|

雪茄网购| 雪茄| 哈瓦那雪茄| 雪茄价格| 雪茄烟网购| 雪茄专卖店| 雪茄怎么抽| 雪茄烟| 雪茄吧| 陈年雪茄| 大卫杜夫雪茄| 保利华雪茄| 古巴雪茄品牌| 古巴雪茄| 古巴雪茄多少钱一只| 古巴雪茄专卖网| 烟斗烟丝| 小雪茄| 金特罗雪茄| 帕特加斯d4 | 蒙特雪茄| 罗密欧朱丽叶雪茄| 网上哪里可以买雪茄| 限量版雪茄| 雪茄专卖| 雪茄专卖网| 雪茄哪里买| 买雪茄去哪个网站| 推荐一个卖雪茄的网站| 雪茄烟| 古巴雪茄价格| 雪茄海淘| 雪茄网| 帕拉森雪茄|

橫額| 貼紙| 貼紙印刷| 宣傳單張| 海報| 攤位| foamboard| 喜帖| 信封|

QR code scanner| SME IT| system integration| inventory management system| label printing| Kiosk| Voice Picking| POS scanner| POS printer| System Integrator| printing labels| Denso| barcode| handheld| inventory management| warehouse management| stock taking| POS| Point of sale| Business service| Web Development| app development| mobile app development| handheld device| inventory management software| pos system| pos software| pos hardware| pos terminal| printer hong kong| receipt printer| thermal printer| thermal label printer| qr code scanner app| qr scanner app| online qr code scanner| qr code scanner online mobile| qr code scanner download| mobile solutions| mdm solutions| mobile device management|

邮件营销| Email Marketing 電郵推廣| edm营销| edm| 营销软件| 推广软件| 邮件群发软件| 邮件群发| Mailchimp| Hubspot| Sendinblue| ActiveCampaign| Aweber| 邮件主题怎么写| 邮件主题| 邮件模板| Maichimp| benchmark| SMS|

Tomtop| Online Einkaufen| Zeblaze| XT175| xiaomi m365| xiaomi Roborock S50| Roborock S50| Wltoys| VISUO XS812| Viltrox EF-M2| Vernee T3 Pro| Ulefone Power 5| Tronxy X5S| SONOFF| SJCAM SJ8 PRO| Rowin WS-20| MXQ PRO| MJX Bugs 5W| lixada| LEMFO LEM8| lemfo lem4 pro| LEMFO| koogeek| kkmoon| JJPRO X5| hubsan h501s x4| hubsan h501s| Hubsan| hohem isteady pro| goolrc| Feiyu| Feiyu Tech G6| Ender 3| Creality Ender 3| Bugs 5W| anet a8 3d printer review| Anet| Anet A4| Anet A6| Anet A8| andoer| ammoon| amazfit bip|

electric bike| best electric bike| electric bikes for adults| e bike| pedal assist bike| electric bikes for sale| electric bike shop| electric tricycle| folding electric bike| mid drive electric bike| electric trike| electric mountain bike| electric bicycle| electric bike review| electric fat bike| fat tire electric bike| women's electric bike |

office| 地產代理| 辦公室| Property Agent| Hong Kong Office Rental| hong kong office| 物業投資| office building| Commercial Building| Grade A Office| 寫字樓| 商業大廈| 甲級寫字樓| 頂手| 租寫字樓| leasing| Rent Office| 地產新聞| office for sale|

school| international school of hong kong| international school| school in Hong Kong| primary school| elementary school| private school| UK school| british school| extracurricular activity| Hong Kong education| primary education| top schools in Hong Kong| Preparatory| best international schools hong kong| best primary schools in hong kong| primary school hong kong| private school hong kong| british international school| extra-curricular| school calendars| boarding school| school day| Bursary| British international school Hong Kong| British school Hong Kong| English primary school Hong Kong| English school Hong Kong| International school Hong Kong| School Hong Kong| boarding school Hong Kong| best school in Hong Kong| School fees|

electric bike| Best smartwatch| Best Wilreless earphones|