(7 голосов, средний: 5,00 из 5)

Паповагорская воласць у складзе Старадубскага павета Смаленскага ваяводства ВКЛ

Уладзімір Васькоў

У гістарычных працах, за выключэннем гісторыка-краязнаўчага нарыса У.А. Снытко «Красногорье мое родное», гісторыя Краснай Гары, а дакладней – Паповай Гары (так да 31 кастрычніка 1922 года называўся гэты населены пункт) і Паповагорскай воласці закранаецца толькі фрагментарна, а час знаходжання воласці ў ХVII стагоддзі ў складзе Старадубскага павета Смаленскага ваяводства ВКЛ увогуле практычна не асветлены. Таму гэты невялікі артыкул мусіць, хаця б часткова, ліквідаваць гэты прабел.

Красная Гара – гарадскі пасёлак, адміністрацыйны цэнтр Краснагорскага раёну і Краснагорскага гарадскога пасялення Бранскай вобласці РФ. Знаходзіцца на рацэ Бесядзь, за 202 км на захад ад Бранску, за 15 км ад мяжы з Гомельскай вобласцю Беларусі. Насельніцтва 5,8 тыс. жыхароў (2012 г.).

Упершыню Папова Гара ўзгадваецца каля 1387 года ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у складзе Мсціслаўскага княства, хаця паселішчы на месцы сучаснага населенага пунта існавалі, мінімум, з часоў бронзавага веку.

З 1359 года Мсціслаўскае княства, у тым ліку і Папова Гара з воласцю, знаходзілася ў складзе ВКЛ. Валодаў Мсціслаўскім княствам з 1392 да 1431 года князь Сямён-Лынгвень Альгердавіч, а потым яго сын Юрый Лынгвеневіч (княжыў у 1431—1441 і 1446—1460 гадах) і ўнук — Іван Юр’евіч Мсціслаўскі (княжыў у 1460—1490 гадах) – так называемая дынастыя Лынгвенавічаў.

Мсціслаўскае княства дзялілася на Мсціслаўскі і Мглінскі паветы. Папова Гара была горадам Мсціслаўскага павета.

Пасля смерці Івана Юр’евіча княства было ліквідавана. Праз шлюб дачкі Івана Юр’евіча Ульяны з князем Міхаілам Заслаўскім княства ў 1499 годзе было адноўлена ў меншых памерах і перайшло да апошняга. Але ўжо без Паповай Гары і некаторых іншых мясцін, якія перайшлі да вялікага князя літоўскага.

У 1500–м годзе пачалася другая па ліку вайна паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Прыкладна ў жніўні-верасні 1500-га года старадубскі князь Сямён Іванавіч Мажайскі, які ў 1499 годзе разам са сваімі землямі перайшоў з літоўскага падданства ў маскоўскае, разам з рускім войскам, якое ўступіла ў межы Севершчыны, захапіў Папову Гару. Так Паповагорская воласць уваходзіць у склад Старадубскага княства.

Уладзімір Васькоў

Уладзімір Васькоў

28 жніўня 1501 года ў Гродна вялікі літоўскі князь Аляксандр аддаў сваёй жонцы Алене шэраг населеных пунктаў, у тым ліку і замак Папову Гару[ Edward Rudzki. Polskie królowe, Т. 1. Instytut Prasy i Wydawnictw «Novum», 1990. S.165]. Магчыма, вялікі князь Аляксандр спадзяваўся, што пасля таго, як Папова Гара стала ўласнасцю княгіні Алены, якая была дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, старадубскі князь верне Папову Гару ВКЛ. Але гэтага не здарылася. ВКЛ прайграла Маскоўскай дзяржаве вайну 1500-1503 гадоў і вымушана было саступіць Маскве вялізарныя тэрыторыі, у тым ліку і Папову Гару з воласцю.

Калі раней Папова Гара была ўнутры зямель ВКЛ, то цяпер аказалася на самой мяжы Літвы і Маскоўскай дзяржавы. Што адмоўна сказалася на жыцці воласці, якая цяпер пачала падвяргацца частым нападам.

Ужо ў 1503 годзе старадубскі князь Сямён Мажайскі скардзіўся маскоўскаму князю Івану ІІІ, што на Вялікім (Страсным) тыдні, а таксама ў Юр’еў і Міколін дні на Папову Гару і старадубскія вёскі з боку ВКЛ нападалі мсціслаўцы, крычаўцы, чачэрцы і лучычане, якія абрабавалі і пабілі падданых старадубскага князя[ Акты Западной Россіи. Т. І, ст. 309, 310.] . Іван ІІІ запатрабаваў ад вялікага князя літоўскага Аляксандра (які стаў і польскім каралём), каб ён кампенсаваў страты людзям старадубскага князя і пакараў смерцю тых, хто іх рабаваў, маўляў, каб «ліха не чынілі».[ Там жа. Ст. 310.]

Пасля смерці ў 1505 годзе князя Сямёна Іванавіча Мажайскага Старадубскае княства разам з Паповай Гарой перайшло да яго сына Васіля Сямёнавіча па мянушцы Тулуп. Але княжыў ён нядоўга. Пасля яго смерці ў 1518 годзе Старадубскае княства перайшло да маскоўскага вялікага князя Васіля ІІІ і было ліквідаванае.

Памежныя канфлікты ў гэтым раёне сталі адбывацца практычна несупынна, ад чаго цярпела і Паповагорская воласць. Так маскоўскі пасланнік у Літву Ф. Афанасьеў скардзіўся ў 1529 годзе, што каралеўскія людзі каля Старадуба ўступаюцца ў Папову Гару і іншыя воласці і сёлы. Але памежныя сутычкі адбываліся і ў наступныя гады.

У 1534-1537 гадах на гэтых землях ішла вайна паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, якая вядомая, як Старадубская вайна. Ці пацярпела моцна ў гэтай вайне Папова Гара, невядома, а вось Старадуб быў дашчэнту спалены літоўска-польскім войскам у жніўні 1535 года.

Відаць з тых часоў на Старадубшчыне ў часе вясельнага абраду «літвой» сталі называць сватоў, якія прыязджаюць забіраць ад бацькоў маладую. Так М. Косіч у сваёй кнізе «Литвины-Бѣлорусы Черниговской губерніи, ихъ бытъ и пѣсни» падае такі тэкст вясельнай песні, запісаны ў 1891 годзе: «Пріѣхала Ли́тва, Будзя у насъ битва́, Будзим ваеваци, Ховрачку ни атдаваци».

У канцы 1530-х гадоў з Паповагорскай воласці сфармаваўся Паповагорскі уезд (павет).

У канцы 1618 года Севершчына (у тым ліку і Папова Гара) паводле Дэўлінскага перамір’я адыйшла да Рэчы Паспалітай. Гэты перыяд гісторыі Паповагорскай воласці вельмі павярхоўна асвятляецца ў працах гісторыкаў (і так нешматлікіх), таму трэба прыпыніцца на ім больш падрабязна.

13 красавіка 1619 года каралевіч Уладзіслаў выдаў універсал, згодна з якім «гарадзішча Папова Гара з воласцю» пераходзіць пад яго кіраванне.

15 красавіка 1619 года кароль Жыгімонт ІІІ сваім універсалам аддаў усе захопленыя ў Масквы замкі, у тым ліку і Папову Гару, пад кіраванне каралевіча Уладзіслава.

У 1620 годзе ў Паповай Гары з’явіўся гарнізон і быў пабудаваны касцёл.

У 1621 годзе Смаленскі сойм паслаў першых дэпутатаў у сойм Рэчы Паспалітай.

Смаленскае ваяводства – гэта адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім, а пасля Люблінскай уніі 1569 года – у Рэчы Паспалітай. Існавала з перапынкамі з 1508 па 1514 і з 1613 па 1667 гады. Плошча – каля 53 тысяч квадратных кіламетраў. Цэнтр ваяводства знаходзіўся ў горадзе Смаленску. На поўначы і ўсходзе ваяводства межавала з Рускай дзяржавай, на поўдні – з Северскай землёй (з 1635 года – чарнігаўскім ваяводствам Польшчы) і Мсціслаўскім ваяводствам, на захадзе – з Віцебскім ваяводствам.

У 1625 годзе быў утвораны Старадубскі павет Смаленскага ваяводства, у склад якога ўвайшоў і былы Паповагорскі уезд.

У 1626 годзе ў Старадубе прайшоў першы павятовы сойм шляхты.

За ўзор кіравання Смаленскім ваяводствам і суседняй Чарнігаўшчынай была ўзята мадэль кіравання Лівоніяй, якая з 1561 года ўваходзіла ў склад ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай. Асновай унутранай арганізацыі Лівоніі была ленная сістэма.

Краснагорскі раён Бранскай вобласці

Краснагорскі раён Бранскай вобласці

Ленныя маёнткі дараваліся каралём, як правіла, за заслугі на ваеннай службе. Трыманне такога маёнтка было звязана з шэрагам абмежаванняў. Кароль захоўваў за сабой статус вярхоўнага ўласніка ленных валоданняў. Права распараджацца зямлёй (здаваць у арэнду, прадаваць, абменьваць) леннікі маглі рэалізаваць толькі са згоды караля. Прывілеі на ленныя валоданні пакідалі за каралём манапольнае права прамысловага выкарыстання лясных рэсурсаў і карысных выкапняў, вытворчасці сялітры. Леннікі мелі права сячы дрэвы ў лясах на будаўніцтва дамоў і іх ацяпленне, паляваць, арганізоўваць збор грыбоў, ягад і т.п. Кароль, як найвышэйшы ўласнік ленных уладанняў, меў права канфіскоўваць гэтыя ўладанні ў выпадку дзяржаўнай здрады, асуджэння на інфамію, распараджэнне землямі без яго дазволу, невыкананне вайсковага абавязку.

Надзяленне ленными ўладаннямі на Севершчыне каралеўскія камісары ​​ўпершыню правялі яшчэ ў другой палове 1620 года.

У 1634 годзе Уладзіслаў, які ў 1632 годзе стаў каралём Уладзіславам IV, падараваў групе сваіх жаўнераў ленныя маёнткі ў Папавагорскай воласці.

20 мая ў абозе ў Сямлёве, паміж Вязьмай і Дарагабужам 100 валок зямлі за ваенныя заслугі атрымаў Марцін Пешажэўскі (Pieszerzewski)[ Хутчэй за ўсё, прозвішча скажонае, бо больш не сустракаецца ў архіўных дакументах.].

2 чэрвеня, напярэдадні падпісання Палянаўскага мірнага пагаднення паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам, за ваенныя заслугі 200 валок грунту атрымаў паручнік Стэфан Чарнецкі[ Akta grodzkie i ziemskie z czasów Rzeczypospolitej polskiej z Archiwum tak zwanego bernardyńskiego we Lwowie Т. Х, Glówny skład w ksiegarni Seyfartha i Czajkowskiego., 1884, s. 231.]. Разам з ім па 100 валок грунту атрымалі Ян Семашка, Адам Бельскі, Адам Рудніцкі і Войцех Крупскі[ Ibid. S. 232.]. Гэтыя наданні верагодна тлумачыліся тым, што на працягу ўсяго 1634 года войска адчувала вялікі дэфіцыт фінансавых сродкаў і не было грошай для аплаты жаўнерам. Таму Уладзіслаў вырашыў расплаціцца з асобнымі заслужанымі жаўнерамі зямельнымі надзеламі.

6 кастрычніка таго ж 1634 года кароль Уладзіслаў, будучы ва Львове, падараваў Анджэю Скужэўскаму адну валоку раллі ў Паповай Гары[ Ibid. S. 234.]. А праз тры тыдні – 25 кастрычніка Уладзіслаў IV падараваў Скужэўскаму яшчэ 80 валок зямлі ў Папавагорскай воласці[ Ibid. S. 237.].

Прыкладна ў 1635 годзе землі ў Паповагорскай воласці атрымаў праваслаўны біскуп Мсціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі.

20 кастрычніка 1639 года ў Варшаве Уладзіслаў дазволіў шляхцічу Траяноўскаму саступіць правы на валоданне 100 валокамі ў Паповагорскай воласці на карысць Эліяша Ахрамоўскага[ Ibid. S. 247.].

Самым вядомым з пералічаных вышэй уладальнікаў папавагорскіх маёнткаў несумненна быў паручнік Стэфан Чарнецкі, у будучым палявы гетман каронны і нацыянальны герой Польшчы, імя якога ўпамінаецца ў польскім нацыянальным гімне.

Стэфан Чарнецкі у дадатак да сваіх 200 валок набыў яшчэ 300 валок у Кшыштафа Гембіцкага, які таксама меў маёнтак у Папавагорскай воласці. У выніку Чарнецкі стаў валодаць даволі вялікім маёнткам у 500 валок і ўвайшоў у кола заможных асобаў. Яму належала вёска Кузняцы (сучасная вёска Антонаўка Краснагорскага раёну), урочышча Выжнія Баркі і землі каля Панебыльскага ручая (правы прыток рэчкі Хармынкі).

Польскі гісторык Здзіслаў Сперальскі піша, што хутка пасля гэтага, магчыма, што ў тым жа самым 1634 або ў наступных 1635-1636 гадах, Стэфан Чарнецкі памяняўся з старэйшым братам Станіславам маёнткамі. Станіслаў ажаніўся з Барбарай Лукаўскай, звольніўся з вайсковай службы і пераехаў у Старадубскі павет, дзе стаў мечнікам Старадубскім. А Стэфану дастаўся сямейны маёнтак, які знаходзіўся на поўдні Польшчы, праўда, яму прыйшлося заплаціць за гэта сваім астатнім сваякам.[Zdzislaw Spieralski. Stefan Czarniecki, 1604-1665. Wydawn. Ministerstwa Obrony Narodowej, 1974. S. 35, 44.]

Але гістарычныя крыніцы кажуць, што Стэфан Чарнецкі і надалей валодаў Кузняцамі і 150 валокамі зямлі, бо 18 чэрвеня 1642 года ў Варшаве Уладзіслаў ІV падпісаў дазвол на перадачу Стэфанам Чарнецкім вёскі Кузняцы над ракой Бжэсцяй (Brześcią). Відавочна, што тут маецца на ўвазе рака Бесядзь. Кароль дазволіў Стэфану Чарнецкаму, «каб ён мог адрачыся ад свайго леннага вячыстага права на пэўную каралеўскую маёмасць у павеце Старадубаўскім, якая знаходзіцца ў тракце Паповай Гары, менавіта на вёску, названую Кузняцы (Kuźniec) з паўтары сотні валокаў і на палавіцу старой кузнецкай пусташы над ракой Бярэсцяй (Бесяддзю – У.В.) з вышкоўскім рубцом і урочышчамі Выжнія Боркі па ручай панебыльскі, і саступіць і перадаць Мацею Ворбек-Летаву[ Мацей Ворбэк-Летаў – каралеўскі пакаёвы доктар, лютэранін. Быў скарбовым дваранінам. Прывілей на скарбовае дваранства і юргельт выдадзены 12 лютага 1636 г. у Эльблангу. Пасаду гэту М. Ворбэк-Летаў займаў да 9 студзеня 1647 г., калі каралём быў зацверджаны кансэнс на перадачу правоў на ўрад ад М. В. Летава да яго сына Крыштапа Ворбэка Летава, каралеўскага сакратара. ], яго жонцы і дзецям і нашчадкам мужчынскага роду, каб яны маглі атрымліваць прыбытак»[ Maciej Vorbek-Lettow. Skarbnica pamięci; pamįetnik lekarza króla Władysława IV. Oprac.: Ewa Galos i Franciszek Mincer pod red. naukow̨a Władysława Czaplińskiego. Wrocław, Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1968. S. 155, 156.].

28 чэрвеня 1642 года Чарнецкі саступіў Ворбек-Летаву сваю маёмасць.

12 сакавіка 1643 года Стэфан Чарнецкі выдаў Мацею Ворбек-Летаву цэсійны ліст (ліст аб саступленні правоў на сваю маёмасць) на «вёску Кузняцы з паўтары сотні валок і на палавіцу старой кузнецкай пусташы над ракой Бярэсцяй з вышкоўскім рубцом і урочышчамі Выжнія Боркі па ручай панебыльскі, як старая кузняцоўская мяжа ідзе, з барамі, лясамі, борцямі, сенажацямі, з вольным берагам да Бярэсці ракі, з падданымі, іх павіннасцямі, з данінай мядовай, ваколіцамі і іншым».

Адным з тых, кто прыклаў сваю пячатку да гэтага дакумента і падпісаў яго (як сведка), быў старадубскі стольнік Збігнеў Стравінскі. Кароль Уладзіслаў падпісаў гэты дакумент 23 сакавіка 1643 года.

Красная Гара (Папова Гара)

Красная Гара (Папова Гара)

Яшчэ раней, 24 чэрвеня 1634 года ў Вільні кароль Уладзіслаў ІV даў Мацею Ворбек-Летаву прывілей на леннае валоданне вёскамі Вялікае і Малое Удзебна:

«Мацею Ворбек-Летаву, яго жонцы і дзецям і нашчадкам мужчынскага роду, народжаным у законным шлюбе, кароль дае пэўную каралеўскую маёмасць (добры) ў смаленскім ваяводстве, якія ляжаць у старадубскім старостве, менавіта ў Паповай Гары, памерам у 300 валок, якія называюцца Вялікае і Малое Удзебна і якія ляжаць у адной мяжы (складаюць непадзельны маёнтак). З усімі вёскамі, пусташамі (апусцелай тэрыторыяй), грунтамі ворнымі і няворнымі, з падданымі аселымі і неаселымі, з іх павіннасцямі, лясамі, барамі, гаямі, палямі, сенажацямі, з дрэвам бортным, з данінай мядовай, рэкамі, рэчкамі, азёрамі, з сажалкамі, ловамі рыбнымі і звярынымі, з бабровымі гонамі і іншым».

Згодна з гэтым дазволам Ворбек-Летаву забаранялася без асабістага дазволу караля вырабляць сялітру і іншыя лясныя тавары. Уладальнік маёмасці мусіў зрабіць усё належнае для абароны замка.

5 снежня 1639 года ў Варшаве мсціслаўскі ваявада Мікалай Абрамовіч адмовіўся на карысць Мацея Ворбек-Летава ад сваёй вёскі Латакі з 400 валокамі зямлі ў Старадубаўскім павеце, якой валодаў на падставе леннага вячыстага права. Дакумент падпісаў кароль Уладзіслаў ІV і рэферэндар ВКЛ Марцыян Трызна.

8 чэрвеня 1641 года ў Варшаве кароль Уладзіслаў ІV надаў Мацею Ворбек-Летаву на праве вячыстага лена пусткі Мшычна і Лаўрыноўскую з Лаўрыноўскім лесам. Гэтым дакументам вышэй названыя тэрыторыі далучаюцца да вёсак Удзебна, якія ўжо раней былі ў ленным валоданні Ворбек-Летава. Дакумент падпісалі кароль Уладзіслаў і пісар ВКЛ Казімір Пац.

30 снежня 1643 года ў Вільні кароль Уладзіслаў ІV паўторна дазваляе Мікалаю Абрамовічу і яго жонцы Эльжбеце з Гарнастаеў перадаць леннае права на вёску Латакі з Рагозіцкай Слабадой і вёскай Ладна Мацею Ворбек-Летаву. Дакумент падпісалі Уладзіслаў, а таксама рэферэндар і пісар ВКЛ Францішак Ісайкоўскі.

11 студзеня 1644 года ў Вільні быў складзены дакумент, якім муж і жонка Абрамовічы перадаюць леннае права на вёскі Латакі і Ладна Мацею Ворбек-Летаву. У дакуменце было дакладна апісана месцазнаходжанне гэтых маёнткаў. Ворбек-Летаў атрымаў вёскі на тых правах, якія былі паданыя ў дакументах ад 24 чэрвеня 1634 года і ад 23 сакавіка 1643 года. Дакумент падпісалі канцлер ВКЛ Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і сакратар караля Ян Даўгяла Завіша.

16 снежня 1645 года ў Варшаве кароль у замену за пабудову мастоў, утрыманне ў парадку дарог і забяспячэнне бязпекі тым, хто праязджае, надаў Ворбек-Летаву права на збіранне дарожнага мыта на рэках Лары, Палужы, Просне і Зубрычу. Дакумент акрэсліў, хто і колькі павінен плаціць за праезд па дарогах і мастах праз вышэй азначаныя рэкі. Ад мыта вызваляліся духоўныя, шляхта, вершнікі і пешыя. Дакумент падпісалі Уладзіслаў ІV і рэферэндар і пісар Станіслаў Нарушэвіч.

У выніку гэтых каралеўскіх наданняў каралеўскі лекар Ворбек-Летаў атрымаў «у тракце Паповай Гары» каля 2 000 валок і стаў самым буйным феадалам Паповагорскай воласці. Яму належалі вёскі Вялікае і Малое Удзебна, Кузняцы, Смяльч, Латакі, Мшычна. А таксама лясы, буды і Лаўрыноўскі лес.

Другім значным уладальнікам у воласці была Кіева-Пярская лаўра, бо ў канцы 1644 года праваслаўны беларускі (магілёўскі) біскуп Гарбацкі абмяняў Папову Гару з вакольнымі землямі на сёлы Кіева-Пячэрскай лаўры Барсукі, Пячэрск, Тарасавічы і Цвіркова, якія знаходзіліся ў Аршанскім павеце недалёка ад Магілёва.

 

Сярэдзіна ХVІІ стагоддзя – гэта так званы «Крывавы патоп», які багата паліў крывёю нашу зямлю і які можна параўнаць па жорсткасці і зверствамі хіба што з Грамадзянскай і ІІ Сусветнай войнамі. «Патопам» завуць час з 1648 па 1667 год, калі пачалося паўстанне Хмяльніцкага, а потым і вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай. Нават цяпер цяжка судзіць, хто тады меў рацыю, а хто не, але вынік быў страшны: пасля дваццаці гадоў ваенных дзеянняў нашы землі – Панізоўе (Усходняя Гомельшчына) і Севершчына, абязлюдзелі. У жывых засталося не больш за трэцюю частку, і так нешматлікага, даваеннага насельніцтва.

У 1648 годзе казакі Хмельніцкага захапілі Старадуб, Папову Гару і землі да самага Сожа. Мацей Ворбэк-Летаў за два гады да гэтага (да 1648 году) заснаваў у Латаках буды, дзе выраблялі паташ[ Паташ выкарыстоўвалі ў шкляной, мылаварнай, тытунёвай, фармацэўтычнай, кандытарскай вытворчасці, для вырабу паліва, фарбавальнікаў, адбельвання тканін, мыцця воўны і інш. Выраб паташу, які робіцца з попелу, ледзь не прывёў да масавай высечкі лясоў. Праблему вырашыў французскі хімік-тэхнолаг Леблан у 1789 годзе, вынайдучы соду.].

Увесь выраблены паташ быў захоплены паўстанцамі.

У 1649 годзе кантроль ВКЛ над Старадубшчынай быў вернуты.

Але ў 1651 годзе казакі ізноў занялі Старадубшчыну і ўсе маёнткі Ворбэк-Летава ізноў былі захоплены казакамі.

Каля 1660 года Мацей Ворбэк-Летаў саступіў правы на свае паповагорскія маёнткі сынам Крыштафу, Зыгмунту і Аляксандру. Варшаўскі сойм 1662 года за вайсковыя заслугі братоў аддаў ім гэтыя маёнткі ў спадчыну.

Але, як вядома, тэрыторыя Старадубскага павета Смаленскага ваяводства ВКЛ апынулася ў складзе Маларосіі, якую тады напаўафіцыйна называлі Гетманшчынай – казацкай дзяржавы, створанай гетманам Багданам Хмяльніцкім, таму гэтае наданне было хутчэй сімвалічным, разлічаным на тое, што ў будучыні тэрыторыя Старадубшчыны будзе адваяваная.

У 1667 годзе паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісанае Андрусаўскае перамір’е, якое, нарэшце, спыніла вайну.

З валоданняў Ворбэк-Летавых толькі адны Латакі засталіся пад кантролем ВКЛ, але і іх прыйшлося аддаць Гетманшчыне ў 1686 годзе, калі быў падпісаны «Вечны мір», які юрыдычна замацаваў захоп Севершчыны Маскоўскай дзяржавай.

Гетманшчына, якая стала пратэктаратам Маскоўскай дзяржавы, у адміністрацыйным плане дзялілася на палкі. У 1654 годзе Старадубшчына ўвайшла ў склад Нежынскага палка як аўтаномная тэрыторыя, якую ўзначальваў наказны палкоўнік.

в. Іванаўка Краснагорскага раёна Бранскай вобласці

в. Іванаўка Краснагорскага раёна Бранскай вобласці

Прыйшоўшы да ўлады ў 1663 годзе гетман Іван Бруховецкі правёў адміністрацыйную рэформу, накіраваную на аслабленне велізарнага Нежынскага палка, дзе пераважалі прыхільнікі яго палітычнага апанента, Нежынскага палкоўніка Васіля Залатарэнкі. Брухавецкім з Нежынскага палка была выдзелена асобная адміністрацыйная адзінка – Старадубскі полк.

У складзе Старадубскага палка, які быў часткай Нежынскага палка існавала Папагорская пяхотная сотня. Але хутка яна спыніла сваё існаванне, бо Кіева-Пячэрская лаўра паступова завалодала большасцю сёлаў і вёсак, якія ўваходзілі ў Папагорскую пяхотную і Бабовіцкую сотні. Лаўра ўтварыла з іх дзве воласці з тымі ж назвамі.

У Лышчычах, Бабовічах і Паповай Гары знаходзіліся дварцы лаўры – комплексы гаспадарчых будынкаў з цэрквамі, дзе жылі манахі, якія кіравалі гэтымі воласцямі.

Адзін з інвентароў Кіева-пячэрскай лаўры так апісвае дварэц у Паповай Гары: «В том селе над речкою Беседою дворец монастырский с садом, кругом огорожен палями дубовыми. В одном дворце светлиц две с шестью чуланами, рубленые, покрыты дранью, печи с зеленого кафеля. При дворце со светлицей, сеньми и тремя чуланами имеется: ледовня, комора, погреб, пекарня. В светлице печь из белого кафеля, за пекарней комора, сарай, повет, изба, подле загороди башня, рубленая, брусневая, с чердаком и танком, а на верху чердака колокольня; подле башни внутри двора церковь, амбар с тремя закромами, четырьмя засеками, рубленый повет с двумя засеками, стайня и при ней повет. При этом дворе огород с гумном, огорожен делованем взамет; в том дворе клунь две, рубленые с двумя овинами. На том дворе близ ворот амбар с двумя засеками».

Іншымі вёскамі і сёламі Папагорскай і Бабовіцкай сотняў, якія не ўвайшлі ў лік лаўрскіх воласцяў і значнай часткай сёлаў Дрокаўскай сотні, завалодаў Старадубскі магістрат, які стварыў з іх Паіпуцкую, або Палескую воласць Палкавой сотні. Але гэта ўжо тэма іншага артыкула.

_________________________________________________________________________________

Edward Rudzki. Polskie królowe, Т. 1. Instytut Prasy i Wydawnictw «Novum», 1990. S.165

Акты Западной Россіи. Т. І, ст. 309, 310.

Там жа. Ст. 310.

Хутчэй за ўсё, прозвішча скажонае, бо больш не сустракаецца ў архіўных дакументах.

Akta grodzkie i ziemskie z czasów Rzeczypospolitej polskiej z Archiwum tak zwanego bernardyńskiego we Lwowie Т. Х, Glówny skład w ksiegarni Seyfartha i Czajkowskiego., 1884, s. 231.

Ibid. S. 232.

Ibid. S. 234.

Ibid. S. 237.

Ibid. S. 247.

Zdzislaw Spieralski. Stefan Czarniecki, 1604-1665. Wydawn. Ministerstwa Obrony Narodowej, 1974. S. 35, 44.

Мацей Ворбэк-Летаў – каралеўскі пакаёвы доктар, лютэранін. Быў скарбовым дваранінам. Прывілей на скарбовае дваранства і юргельт выдадзены 12 лютага 1636 г. у Эльблангу. Пасаду гэту М. Ворбэк-Летаў займаў да 9 студзеня 1647 г., калі каралём быў зацверджаны кансэнс на перадачу правоў на ўрад ад М. В. Летава да яго сына Крыштапа Ворбэка Летава, каралеўскага сакратара.

Maciej Vorbek-Lettow. Skarbnica pamięci; pamįetnik lekarza króla Władysława IV. Oprac.: Ewa Galos i Franciszek Mincer pod red. naukow̨a Władysława Czaplińskiego. Wrocław, Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1968. S. 155, 156.

Паташ выкарыстоўвалі ў шкляной, мылаварнай, тытунёвай, фармацэўтычнай, кандытарскай вытворчасці, для вырабу паліва, фарбавальнікаў, адбельвання тканін, мыцця воўны і інш. Выраб паташу, які робіцца з попелу, ледзь не прывёў да масавай высечкі лясоў. Праблему вырашыў французскі хімік-тэхнолаг Леблан у 1789 годзе, вынайдучы соду.

 

 




Войти через loginza

2 комментария: Паповагорская воласць у складзе Старадубскага павета Смаленскага ваяводства ВКЛ

  • palivac:

    Загаловак трэба паправіць: ПаповаГОРСКАЯ воласць

  • Харитон Растаропша:

    А кацапав – усюду шпынaють.

    Слова П. Безъязычного.

    А кацапав – усюду шпынaють,
    Шо на полю картоху капають:
    Дак у справдашних панских парятках –
    Никали ня капатца на грятках!

    Нат кацапами скрозь насмяхаютца:
    Шо пашыють – в уто й напрянаютца!
    А в насправдашних панских сямействах –
    Ни за шо ня пражыть бяз лакейства!

    У няволя йим гарна жыветца –
    Аж народ у раманах смяетца!
    Дак кацапам, дли йихних ряшэний
    Ня указ – ни Талстой, ни Тургенев!

    А кацапы – утем даканали,
    Шо худобу у хатя дяржали!
    Сирядь гною жывуть та навозу –
    Ня пазбавитца йим ат калхозу!

    Як кацапав ад грошав пазбавить?
    Йих мусолють яни та слюнявють!
    Мулювали за працу йим галачьки,
    Шоб яни працавали за палачьки!

    Вось – кацапы й атцыль ня ваняють,
    Экалогию ня разбуряють,
    На палях кукургуза ня чахня,
    Малаком та грашами – й ня пахня!

    Щоп кацапы ускрозь ня смярдели –
    Цэзий з ёдам на йих налятели,
    Шоб на полю палынь калыхалась,
    Та й спамину пра йих ня засталась!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>