(2 голосов, средний: 3,00 из 5)

У пошуках беларускасці на паўднёвай Пскоўшчыне

Міраслаў Янковяк

 

Больш за 100 год таму лінгвісты і этнографы, якія вывучалі дыялекты, духоўную і матэрыяльную культуру, вызначалі межы рассялення беларускага этнасу. Лінія, вызначаная, напрыклад, А. Рыціхам ў 1875 г. ці Я. Карскім у 1903 г. значна выходзіла па-за сучасныя межы Беларусі. Беларусы жылі на тэрыторыях, што сёння належаць да Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Расіі. Гэта тычыцца таксама паўднёвай часткі Пскоўшчыны (не ў гістарычным сэнсе, а менавіта той часткі, якая калісьці ўваходзіла ў Віцебскую губерню, а з 1957 г. знаходзіцца ў межах сучаснай Пскоўскай вобласці).

Стастычныя дадзеныя канца ХІХ і пачатку ХХ ст. выразна паказваюць, што гэтыя паветы былі населеныя беларусамі і мелі відавочна беларускі характар. Напрыклад, ў 60-х гадах ХІХ ст. у Невельскім павеце беларусы складалі 60,8% ад усіх жыхароў, у Вяліжскім і Себежскім – нават 90,2% і 80,9% (для параўнання палякаў было адпаведна 0,9%, 3,1%, 2,2%). Гэтыя дадзеныя падцвярджаюць таксама даследванні Я. Карскага, чальцоў Маскоўскай Дыялекталагічнай Камісіі (1914 г.) і П. Бузука (1926 г.). П. Бузук асабіста наведаў Невельскі і Вяліжскі паветы і адназначна падцвердзіў беларускі характар гаворкі мясцовага насельніцтва. Самыя жыхары гэтых земляў таксама бачылі сваю моўную адрознасць ад расійцаў і беларусаў з поўдня. Бузук прыводзіць у сваёй публікацыі словы жыхаркі колішняга Вяліжскага павету: Нас называюць пылякамі (г. зн. беларусамі – П.Б.), калі паедзім за Вялікіе Лукі, а за Неўлем сьмяюцца з нас ужо за тое, што мы больше ныварачуем пы-расійську.

Змены ў навуковых падыходах у справе моўнай прыналежнасці мясцовых гаворак адбыліся пасля Другой сусветнай вайны. Праўда, яшчэ ў 1949 г. знакаміты лінгвіст Р. Аванэсаў залічыў гэтыя тэрыторыі да беларускамоўных, але ўсе наступныя працы (напр., падручнікі расійскай дыялекталогіі) залічваюць гэтыя землі да “заходняй зоны паўднёварасійскага дыялекта”, а мяжой паміж беларускімі і расійскімі дыялектамі становіцца… адміністрацыйная мяжа. Гэты пункт гледжання, на жаль, не выклікаў афіцыйнага пратэсту беларускіх мовазнаўцаў.

З часоў даследванняў Карскага мінула больш за 100 год і я вырашыў спраўдзіць, як змянілася моўная сітуацыя і ідэнтыфікацыя жыхароў паўднёвай Пскоўшчыны. Дадзеныя ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай Федэрацыі (2002 г.) цяпер вельмі адназначныя: беларусы ў Невельскім раёне складаюць толькі 2,26% ад усяго насельніцтва (ці 711 чалавек), падобная сітуацыя і ў Себежскім раёне. Я звярнуўся да лінгвістычных матэрыялаў. Аналіз распаўсюджання моўных рысаў, якія прадстаўленыя ў “Диалектологическом атласе русского языка” (1986, 1989 г.) пацвердзіў тое, чаго чакаў бы кожны гісторык ці дыялектолаг – у большасці выпадкаў гэтыя межы супадаюць з былымі межамі Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Віцебскай губерні. Таксама Псковский областной словарь паказвае, што і пасля ІІ сусветнай вайны ў мове насельніцтва захаваліся шмат беларусізмаў (бацька, бацян, бульба, ведаць, ён, калі, яго і т. д.) Я наведаў паўднёвую Пскоўшчыну два разы – летам 2014 і 2015 г. і вывучаў вёскі каля Себежа і Невеля (найбольш паўночных узмоцненых пунктаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага).

Я звярнуў увагу найперш на сацыялінгвістычную сітуацыю і пытанне нацыянальнай тоеснасці. Усе асобы, з якімі я размаўляў вельмі выразна падкрэслівалі расійскую нацыянальнасць, часам узгадвалі пра бабулю польку ці пра прадзеда паляка, але ніхто з іх не назваўся беларусам. Але глыбейшае даследаванне пытання прынесла пэўны вынік. Жанчына (1939 г. н.) з паўночнай часткі Себежскага раёну, якая нарадзілася ў малой вёсцы Ржаўкі Літоўскія (на другім боку рэчкі знаходзяцца Ржаўкі Рускія – гэта колішняя мяжа Віцебскай губерні), калі я яе спытаў пра тое, як называлі насельніцтва з Пскоўшчыны па розныя бакі мяжы, сказала: нас называлі пылякамі, літвінамі, а мы іх скабарямі…

Такія адказы я чуў неаднойчы, прычым словы палякі, літвіны, беларусы ўжываліся ў якасці сінонімаў ці як супрацьвага адносна Расіі. Гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага насельніцтва найстарэйшага веку колішнія адміністрацыйныя і дзяржаўныя падзелы існуюць да сёння. Пошук іншых слядоў беларускасці не прынёс значных эфектаў. Гэта не здзіўляе – тут не было беларускіх школаў, арганізацыяў ці беларускай прэсы. Няма таксама надмагілляў з надпісамі па-беларуску, але ёсць па-польску (напр., у Себежы). Беларуская тоеснасць не магла захавацца на гэтых землях, бо яна тут таксама не мела шанцаў сфармавацца на мяжы ХІХ і ХХ ст. Інакш было на Падляшшы, Віленшчыне, Латгаліі ці нават на Смаленшчыне, дзе ў міжваенным часе функцыянавалі беларускія школы.

Жыццё ў межах расійскай дзяржавы і дыялекты, вельмі набліжаныя да расійскіх, выклікалі і тое, што мясцовае насельніцтва называе сваю мову расійскай: У мяне рускій язык, крісціянскій, рускій [жанчына, 1933 г. н., в. Новахаванск]; У меня рускій, у нас всех рускій, мы все рускіе [жанчына, 1932 г. н., в. Спас-Балаздынь]. Калі я паглыбляю тэму і пытаю, ці іх мова такая самая, якой ўжываюць на тэлебачанні, тады некаторыя рэспандэнты пачынаюць звяртаць увагу на “мяшаны” характар сваёй гаворкі: Бывает акцэнт такой, сам замеціш, што эта ня чіста рускій, рускій з хахлом, рускій з евреям, ад палякаў очень многа ўзялі [словаў] [жанчына, 1925 г. н., в. Апухлікі]. Таксама я спытаўся, чым адрозніваюцца беларусы ад расійцаў: Па труду атлічалі, беларус очень трудаспасобный, і па языку атлічыш, такім пахабным языком разгаварівают. [На бульбу казалі] бульба, лук – цыбуля, бурак, во, буракі ты там цягала, пара буракі цягаць [жанчына, 1925 г. нар., в. Апухлікі]. Аднак тыя беларусы, нават у свядомасці жыхароў на поўдзень ад Невеля знаходзяцца далёка на поўдзень ад іх і гэта зусім іншыя людзі, вельмі адрозныя ад іх саміх і іхных суседзяў. Гэта сведчыць пра вельмі інтэнсіўны працэс русіфікацыі. Беларускасць ператрывала ў гаворках, таму менавіта яны сталіся асноўным аб’ектам маіх даследванняў.

Каб спраўдзіць узровень русіфікацыі гаворак у параўнанні з часамі Карскага і Бузука я быў у мясцовасцях, размешчаных на паўночным усходзе, паўднёвым усходзе, паўночным захадзе і паўднёвым захадзе ад Себежа і Невеля. У гэтым кантэксце вельмі добрым параўнаўчым матэрыялам могуць быць беларускія гаворкі з латышскага і беларускага боку мяжы. Калісьці гэта быў агульны дыялектны абшар, цяпер жа асобы, якія на іх гавораць, жывуць ў трох розных краінах.

Датычна паўночных межаў колішняй Віцебскай губерні цяжка ўжо казаць пра беларускія гаворкі – мясцовую мову можна ўжо лічыць расійскай з элементамі беларускіх гаворак. Нават падчас размовы з жанчынай з Ржавак Літоўскіх беларускія рысы чуюцца спарадычна, нават такія адметнасці беларускай мовы як звонкі “г” ці “нескладовае у” сустракаюцца радзей, чым характэрныя для расійскай мовы гукі. Таксама дзеканне і цеканне тут не такое выразнае, як у суседніх раёнах Латвіі і Беларусі.

Значна лепш выглядае сітуацыя на поўдзень ад Себежа і на паўднёвы захад ад Невеля, дзе мову мясцовага насельніцтва можна назваць мяшанай беларуска-расійскай гаворкай. Мне ўдалося занатаваць амаль усе беларускія рысы, якія заўважылі Карскі і Бузук амаль стагоддзе таму на ўсіх узроўнях мовы (фанетыка, марфлогія, лексіка і сінтаксіс). Аднак, яны выступаюць адначасна з расійскімі рысамі. Большасць мясцовага насельніцтва лічыць, што гаворыць па-расійску, бо найбольш расійскіх рысаў можна знайсці менавіта ў лексіцы. Найменш у міжчалавечай камунікацыі перашкаджае фанетыка, таму на гэтым узроўні структуры мовы беларускія рысы захаваліся найлепш і менавіта на падставе фанетыкі ў мовазнаўстве акрэсліваецца прыналежнасць канкрэтных гаворак да пэўнай мовы. Беларуская гаворка на паўднёвай Пскоўшчыне цягам апошніх амаль 200 год была адзіным бастыёнам беларускасці. Але ўзнікае пытанне: ці яна доўга будзе трываць? У параўнанні з часамі Карскага і Бузука межы яе распаўсюджання зменшыліся на некалькі дзесяткаў кіламетраў. Адзінай падтрымкай беларушчыны на гэтых землях могуць быць толькі гандляры з Беларусі, якія прыяжджаюць на мясцовыя кірмашы ў Себеж і Невель і прапануюць расійцам бульбу, цыбулю і буракі, а не картошку, лук ці свёклу.

пераклад на беларускую: Андрэй Ціхаміраў

 

Артыкул з’явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 27, No. 3-4.

© 2015 The_Point Journal/Belarusian Review

Перадрук з The_Point Journal

 




Войти через loginza

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>