(2 голосов, средний: 5,00 из 5)

Панёва і кічка на Бранскім Палессі: да пытанняў аб межах этнічнай тэрыторыі беларусаў і выкарыстанні дакументальнай кінахронікі

Вольга Лабачэўская

У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску захоўваецца дакументальная стужка «У Бранскім Палессі», датаваная 1930 годам. Унікальныя кадры з мінулага разгортваюць перад гледачом карціны вясковага жыцця з няспешным рухам крылаў ветракоў, жнівом, малацьбой, якія змяняюцца святамі – жаночай гульнѐй, вясельным абрадам надзявання маладой павойніка, вадасвяццем, хросным ходам з цудатворным абразам Божай Маці. Запамінаецца твар дзяўчыны, якая рухаючыся разам з натоўпам за святыняй, раптам азіраецца і доўга-доўга глядзіць у аб’ектыў кінакамеры.

Дзякуючы цуду кіно, не толькі мы разглядаем людзей таго часу, але і яны са здзіўленне глядзіць на нас з вамі з нямога чорна-белага экрана. Нібы машына часу, архіўная кінастужка ажыўляе тое, што ўжо даўно не існуе.

У 1980-я гг. некалькі частак гэтай кінастужкі былі адбраны ў Дзяржфільмафондзе Расіі для перадачы ў Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. Наяўнасць такога выдатнага матэрыялу ў нашым архіве, яго лакалізацыя з Бранскім Палессем дазвалялі меркаваць, што ѐн адлюстроўвае асаблівасці побыту, строяў, тыпажу беларусаў на ўсходзе нашай этнічнай тэрыторыі. Як вядома, ўсходняя мяжа рассялення беларускага этнасу, згодна даследаванням Я. Карскага і М. Доўнар-Запольскага, праходзіць па р. Дзясна і даходзіць да Бранска. На гэтай падставе хранікальныя кінаматэрыялы па Бранскаму Палессю 1928 г. неаднаразова выкарыстоўвалася ў беларускай кінадакументалістыцы. У 1998 годзе на Белвідэацэнтры рэжысѐр Віктар Аслюк зрабіў фільм «Край тужлівых песень», які цалкам пабудаваны на хранікальных кадрах [1]. Да іх дададзены тытры з радкамі славутага верша Я. Купалы «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына» і музычнае суправаджэнне. У 2010 годзе Галіна Адамовіч уключыла кадры з сялянскімі жанчынамі, якія вышываюць, беляць палотны ў свой фільм аб народнай мастачцы Алене Кіш са Случчыны, зроблены ў аб’яднанні «Летапіс» Белдзяржкінастудыі. Сучасныя лічбавыя тэхналогіі і сродкі распаўсюджання інфармацыі дазволілі пазнаѐміцца з арыгіналам архіўнай стужкі шырокай публіцы.

Відэаролік «Летапіс» працягласцю 20 хв даступны сѐння карыстальнікам Інтэрнету на «YouTube» [2]. Інтэрнетвышукальнік на запыт: адкуль гэты кінаматэрыял і хто яго аўтар? – імгненны даў адказ: дакументальны фільм «В Брянском Полесье» ўваходзіць ў класіку савецкай кінадакументалістыкі. На расійскіх сайтах «Энциклопедия отчественного кино» і «Кино-Театр» размешчаны даведкі, што ѐн быў зняты вядомым савецкім кінарэжысѐрам Іллѐй Капаліным і аператарам Пятром Зотавым на кінастудыі «Союзкінахроніка». Стужка ў 1456,7 м з 5 частак з пакадравым апісаннем сюжэтаў захоўваецца ў архіве Расійскай цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў [3] . У пачатку 1930-х гадоў фільм дэманстраваўся на экранах СССР. У ім кантрастна супастаўлена мінулае бранскай вѐскі і новае жыццѐ сялян, якія аб’яднаныя ў кааператывы, механізавана апрацоўваюць зямлю, таксама паказаны савецкія заводы, школы і іншыя з’вы новай савецкай рэальнасці. Захаваўся рэкламны плакат фільма на украінскай мове «У Бранському Поліссі», які графічна адлюстроўвае антытэзу фільма: барадаты невясѐлы селянін і малады са шчаслівай шырокай усмешкай грамадзянін новай савецкай дзяржавы.

В Брянском Полесье (1930)

В Брянском Полесье (1930)

Ці мае адносіны да беларускай этнічнай культуры паказаная ў фільме бранская вѐска з яе выразнымі этнаграфічнымі асаблівасцямі ў адзенні, вясельным абрадзе, гульнях і іншым? Адказ на гэтае пытанне прышлося шукаць у этнаграфічных працах. Гісторыя этнаграфічнага вывучэння Браншчыны ў 1920-я гады дазваляе зразумець, што з’яўленне фільма «У Бранскім Палессі» не было выпадковым.

У тыя гады актыўную этнаграфічную дзейнасць праводзіў Музей Цэнтральна-Прамысловай вобласці ў Маскве. Па яго заданні этнограф Н. Лебедзева вывучала народны побыт груп насельніцтва ў вярхоўях рэк Дзясна і Ака і здзейсніла ў 1925 і 1926 годзе экспедыцыі ў Бранскую і Калужскую губерні [4,с. 28]. Гэты забалочаны і лясісты раѐн называўся «Палессем», а насельніцтва ўжывала саманазву «полехі».

Выбар маршрута быў абумоўлены значнай захаванасцю тут архаічнага быту і рэліктавых форм культуры, а таксама тым, што на гэтай тэрыторыі гістарычна сутыкаліся культурныя традыцыі паўднѐвых велікарусаў, беларусаў і украінцаў. Таму адным з заданняў экспедыцыі Н. Лебедзевай было наступнае: на падставе дадзеных па матэрыяльнай культуры – пераважна традыцыйнаму касцюму і жыллю, вызначыць этнічныя рысы насельніцтва і межы рассялення тут розных этнакультурных груп.

Экспедыцыі далі багаты рэчавы матэрыял для папаўнення музея і шмат новых этналагічных дадзеных. Ужо ў сваім дакладзе 1925 года па выніках вывучэння Калужскага Палесся даследчыца зрабіла некаторыя важныя вывыды. Па-першае, «полехі» па сваему матэрыяльнаму быту – гэта паўднѐвавелікарусы, якія па асобных рысах блізкія да старажытных груп, якія ўтварылі беларусаў і украінцаў, а таксама да літоўцаў. Па-другое – няма падстаў да збліжэння паўднѐвавелікарусаў з сучаснымі беларусамі, а мяжа паміж імі пралягае на захад ад Дзясны. У 1927 годзе была апублікавана праца Н. Лебедзевай «Народны быт в верховьях Десны и в верховьях Оки (Этнологическая экспедиция в Брянской и Калужскай губернях в 1925-ом и 1926-ом годах)», у якой апісаны і прааналізаваны назапашаныя матэрыялы і зроблены вывады адносна этнічнага складу насельніцтва на даследаванай тэрыторыі [5].

Мяркую, што ўвагу савецкіх кінадакументалістаў да гэтых раѐнаў выклікалі менавіта гэтыя этнаграфічныя даследаванні, якія выявілі значную захаванасць тут рэліктавых форм культуры. Не выключана, што да стварэння сцэнару кінастужкі «У Бранскім Палессі» ў 1930 годзе мела непасрэднае дачыненне Н. Лебедзева. Аб прафесіянальным этнаграфічным падыходзе сведчыць выбар сюжэтаў, якія зафіксавалі архаічныя праявы побыту і культуры: курную хату, абрад адвядзення рукамі градавой хмары, лячэнне бабкай дзіцяці, прыгатаванне нябожчыка да пахавання, памінанне памерлых на могілках, веснавое бабскае свята «Маргосы» з прыгатаваннем абрадавай яешні1, карагоды і гульні з перацягваннем, вясельны абрад змазвання валасоў маладых алеем, абсыпання іх зернем і наступным накладаннем маладой адмысловай кічкі з капыцам і павойніка – жаночага галаўнога ўбору. У фільме падрабязна паказаны жаночыя заняткі: жніво, ткацтва за кроснамі, вышыўка геаметрычных узораў, бяленне палатна, і асабліва – старадаўнія строі з распашнымі панѐвамі, «запанамі» – хвартухамі, які апрануты паверх сарочкі, высокія кічкі з вышываным арнаментам і бісернымі «пазатыльнікамі» ззаду.

Кадры фильма "В Брянском Полесье"

Кадры фильма "В Брянском Полесье"

Некаторыя з паказаных у фільме з’яў падрабязна апісаны ў працы Н. Лебедзевай, а традыцыйны касцюм адлюстраваны на фотаздымках і замалѐўках [5, с. 71 – 74]. На гэтай падставе ўяўляецца магчымым дакладна вызначыць месцы здымак фільма. Гэта вѐскі Баянавічы і Падбужжэ. На час экспедыцый Н. Лебедзевай яны ўваходзілі ў Жыздрынскі павет Бранскай губерні, калі здымаўся фільм, – у Бранскую акругу Заходняй вобласці РСФСР з цэнтрам ў Смаленску. У наш час гэта населеныя пункты ў Хвастовіцкім раѐне Калужскай вобласці, што знаходзіцца ў яе паўднѐвай частцы на памежжы з Бранскай вобласцю. Турысты нашых дзѐн апісваюць у сваіх інтэрнэтдзѐнніках названыя мясціны як забалочаныя, з бураломамі, цяжкія для пешых і рачных вандровак. Вѐска Баянавічы знаходзіцца на рацэ Расета і паложана на вяршаліне «лысай гары». Гэта цалкам адпавядае кадрамі фільма, ў якіх маладзѐвыя гульні адбываюцца на высокім узгорку, і камера аператара паказвае зверху краявід рачной даліны ўнізе.

Апісанні Н. Лебедзевай паўднѐвавелікарускіх галаўных убораў дазваляюць дакладна вызначыць, што ў паказаным ў фільме вясельным абрадзе маладой апранаюць павойнік з трох частак, які насілі з в. Падбужжа. Ён замяніў сабой старадаўні галаўны убор – кічку з капыцам. Павойнік апраналі маладой адразу пасля вянчання ў царкве. Абрад адбываўся ў царкоўнай старожцы. У фільме ѐн паказаны на вуліцы.

Кадры з жанчынамі ў традыцыйных касцюмах з панѐвамі і кічкамі своеасаблівай формы дакладна суадносяцца з этнаграфічнымі апісаннямі галаўных убораў з в. Баянавічы. Стужка ранняй савецкай кінадакументалістыкі ўратавала для нас кавалачак старадаўняга свету, які ўжо цалкам належыць мінуламу. Фільм – выдатная жывая ілюстрацыя да вывучэння этнаграфіі славян.

Каштоўным з’яўляецца яго гістарачна-антрапалагічнае вымярэнне. Магчыма гэта адзін з апошніх кінадакументаў, у якім традыцыйны лад сялянскага жыцця ў вѐсцы паўстае яшчэ не кранутым разбурэннямі калектывізацыі і антырэлігійнай барацьбой, разгорнутых савецкай уладай у раѐнах, дзе адбываліся кіназдымкі, менавіта ў 1930 годзе. Не выключана, што святары і некаторыя сяляне, якіх бачым у фільме, ў вельмі хуткім часе сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій.

Навуковыя вывады, зробленыя адным з найбольш аўтарытэтных этнографаў савецкага часу Н. Лебедзевай, не даюць, на вялікі жаль, нам падстаў адносіць матэрыялы фільма «У Бранскім Палессі» да крыніц вывучэння этнічнай культуры беларусаў. Месцы, дзе адбываліся яго здымкі ў 1930 годзе, ляжаць па-за межамі этнічнай тэрыторыі рассялення беларусаў. Разам з тым, стужка і сѐння абуджае цікавасць да этнічнай культуры беларусаў. Сталася так, што гэтаму фільму было наканавана роля зрабіцца адным з культурных чыннікаў працэсу нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў нашым грамадстве, які працягваецца.

Спіс літаратуры:

1. Аслюк, В. Край тужлівых песень [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://rutube.ru/tracks/3622781.html. – Дата доступа : 19.04.2012.

2. В Брянском Полесье [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://rutube.ru/tracks/3619660.html. – Дата доступа : 19.04.2012.

3. В Брянском Полесье [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.kinoteatr.ru/doc/movie/sov/92497/annot/. – Дата доступа : 19.04.2012.

4. Лебедева, Н.И. Этнологическое изучение Калужского Полесья как характерного этнологического района // Рязанский этнографический весник : науч. тр. В 2-х т. Т. 1. Творческое наследие Н.И. Лебедевой : этнографические исследования и материалы / отв. ред.-соств. и авт. прим. Б.А. Горбунова. – Рязань : Рязанский обл. центр народ. твор., 1996. – С. 28–30.

5. Лебедева, Н.И. Народный быт в верховьях Десны и верховьях Оки (Этнологическая экспедиция в Брянской и Калужской губернях в 1925-ом и 1926-ом годах) // Рязанский этнографический весник : науч. тр. В 2-х т. Т. 1. Творческое наследие Н.И. Лебедевой : этнографические исследования и материалы / отв. ред.-соств. и авт. прим. Б.А. Горбунова. – Рязань: Рязанский обл. центр народ. твор., 1996. – С. 31–92.

——————————————

1 «Маргосы», «маргоски» святкуюцца ў треццю нядзелю пасля Вялікадня, прымеркаваны да свята жонак-міраносіцаў (Шапарава Н.С. Энциклопедия славяеских прадников: календарныя поверья и обычаи славян. –М.: АСТ-Астраль, 2010. – С. 508).




Войти через loginza

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>