(1 голосов, средний: 5,00 из 5)

Загадкавая магіла на Копцеўцы

Уладзімір Скрабатун

Гэта быў 1997 год. Тады прадставілася магчымасць тыднёвага побыту ў Варшаве. Польская фундацыя сплаціла ўсе кошты, якія з гэтым былі звязаныя, абы аўтар гэтых радкоў мог наведаць бібліятэкі і музеі ды сабраць патрэбныя дакументы для кнігі “Глыбокае на старых паштоўках”. Сярод патэнцыйных аб’ектаў, дзе штосьці магло быць па гэтай тэме, мне прапанавалі наведаць Нацыянальны Музей (Muzeum Narodowy), аддзел іканаграфіі.

Паштовак з відарысамі Глыбокага і Беразвечча там не было. Ніводнай. Затое мне прынеслі некалькі альбомаў фотаздымкаў і малюнкаў даўняга Глыбокака. Папрасіў: “Калі ёсць Беразвечча, прынясіце!”

Беразвечча прынеслі. Але альбом быў амаль пусты. Пытаюся: куды дзеліся відарысы Беразвечча?

– Прыязджалі аднойчы беларусіны і ўсё забралі. Сказалі, што касцёл у Беразвеччы будуць аднаўляць,– паведаміла супрацоўніца аддзела.

Сярод альбомаў найперш зацікавіў той, дзе былі малюнкі з 1920 года, якія выкананыя алоўкам і прысвечаны Копцеўцы. Была на тамтэйшых могілках у той час і драўляная шатровая капліца, а перад уваходам на могілкі – драўляная брама.

Майму погляду прадстаў адзін малюнак, відарыс з натуры якога й сёння можна навочна ўбачыць – маленькая цагляная каплічка на схіле магільнага пагорка, а побач – крыху меншы па вышыні надмагільны помнік-каплічка.

Прыгадалася, што даўней, у школьныя мае гады, у нішы левай капліцы яшчэ была статуэтка Хрыста. Крыху ніжэй, ля падэшвы магільнага пагорка, на вуліцы Горкага, але ў межах могілак, стаяў стары пахілы дамок, дзе жылі, як казалі людзі, дзве састарэлыя манашкі.

Трымаю малюнак у руках і чытаю анатацыю да яго: “Grobowiec J. Korsaka na cmentarzu w miejscowości GŁĘBOKIE na Białorusi”, inw. D.I. 185 53. На самім малюнку бачна, што на правым помніку, у нішы, напісана: “D.O.M. KORSAK…”

– А што такое D.O.M.?– пытаюся ў супрацоўніцы музея.

– Божэ, паментай о мне – па латыні,– адказала яна, нават паўтарыўшы тое на мове арыгінала.

Корсак? Які? Пад літарай “J” можа схавацца хто заўгодна: Jan, Jerzy, Józef…

І, нават, калі і Józef (Іосіф, Язэп), то гэта яшчэ й не факт, што там пахаваны менавіта Язэп Корсак, ваявода Мсціслаўскі і стараста Дзісненскі, уладальнік паўночна-ўсходняй часткі Глыбокага і Беразвечча, фундатар трох глыбоцкіх храмаў (трэці быў у Беразвеччы). Можа быць і яшчэ нейкі цёзка па імені й прозвішчу.

Загадкавая магіла на Копцеўцы

Загадкавая магіла на Копцеўцы

Малюнак надмагільнага помніка выкананы досыць схематычна, не падрабязна, і надпіс на шыльдзе пададзены скарочана. Аднак да малюнка прыкладзена кароткае апісанне. Надпіс чытаўся так: “D.O.M. І.Корсак божага году…” Далей – ужо не чытэльна.

Сам загаловак над малюнкам паведамляў: “Глыбокае. Надмагілле І. Корсака. Са збораў Рышарда Біскага, красавік 1927 г.” Да малюнка асобна быў прыкладзены тэкст, які напісаны чарнілам на аркушы “школьнай паперы ў лінейку”: “Глыбокае, павет Дзісненскі, 1920 г. Надмагілле І. Корсака на цвінтары”. Аўтар малюнка апісвае помнік так: “Гэта – тып каплічкі з бляшаным дахам. Слуп унізе пераходзіць у гранёны чатырохкутнік, у якім месціцца бляха з ледзь чытэльным надпісам: “І. Корсак божага году…”

Звяртае на сябе ўвагу, што малюнак выкананы ў 1920 годзе. Гэта яшчэ не быў для Глыбокага г.зв. “польскі час”. Аднак вайсковыя дзеянні паміж Польшчай і Савецкай Расіяй ужо былі прыпыненыя і вялася падрыхтоўка да заключэння мірнай дамовы. Палякі былі ўпэўненыя, што Глыбокае адыдзе да іх, і, праўдападобна, ужо пачыналі праводзіць тут гісторыка-краязнаўчыя даследаванні. “Польскі час” для Глыбокага пачаўся з 18 сакавіка 1921 г., калі была падпісаная Рыжская мірная дамова. Глыбокае на 18 гадоў перайшло да Польшчы. Аднак за “польскім часам” гэты помнік – некаму з Корсакаў – ужо нідзе “не ўсплываў”. Праўдападобна, на шыльдзе ўжо нічога не чыталася. Пра помнік забыліся. Малюнкі апынуліся ў прыватнай калекцыі (Рышарда Біскага), а потым ў Нацыянальным Музеі ў Варшаве.

Натуральна, нас цікавіць, ці можа гэта быць пахаваннем слыннага глыбоцкага фундатара – Язэпа Корсака?

Што мы ведаем з гісторыі? Прах Язэпа Корсака знаходзіўся ў сутарэннях глыбоцкага касцёла кармелітаў. Пасля падаўлення паўстання 1863 года насталі цяжкія часіны…

“Больш за два стагоддзі спачываў тут ваявода І. Корсак. Але крыпта была пустой, не ўцалеў прах ад жорсткасці людской. Румбальт Полацкі паведамляў, што падчас перабудовы касцёла пад царкву прах быў выкінуты з катакомбы. Загорнуты ў кармазінавую апанчу, якая добра захавалася, двое сутак ён мок пад адкрытым небам на цвінтары, пакуль над прахам польскага сенатара не злітаваўся гаспадар з бліжэйшага маёнтка Літоўшчына і не пахаваў у зямлі. Дзе? Невядома! Сёння пра ўсё гэта забыта, завяшчанне Корсака не прызнана”, – такую сумную рысу падвёў Атон Гедэман, аўтар кнігі пра гісторыю Глыбокага часоў Рэчы Паспалітай. Чаму пра месца перапахавання Я. Корсака нічога не вядома? Гедэман адказвае: “Страшныя былі часіны. Нават самыя блізкія родзічы вымушаны былі маўчаць”.

У вышэйпераказаным тэксце ёсць дзве ключавыя фразы…

Першая: “Двое сутак ён мок пад адкрытым небам на цвінтары”. А дзе той цвінтар, на якім ён “мок пад адкрытым небам”? Я схіляюся да думкі, што гэта была Копцеўка. Зразумела ж, што не на праваслаўных могілках Дуброва. Лагічна – на каталіцкіх, на Копцеўцы.

Другая ключавая фраза – “пакуль над прахам … не злітаваўся гаспадар з бліжэйшага маёнтка Літоўшчына і не пахаваў у зямлі”. А каму належала Літоўшчына? Корсакам!

Мог жа гаспадар маёнтка пахаваць прах Язэпа Корсака і ў Літоўшчыне! Якія “страшныя ні былі б часіны” – ну, не ў лесе ж перапахавалі фундатара! Зразумела, на могілках. Вось толькі дзе? На Копцеўцы, ці ўсё ж у Літоўшчыне? Літоўшчына цяпер – частка вёскі Мярэцкія, як і Беразвечча – Глыбокага.

Упершыню матэрыял на гэтую тэму – “Магіла фундатара” – быў апублікаваны ў газеце “Веснік Глыбоччыны” ў № 49 (7631) за 27 чэрвеня 1997 года. Скажу адразу: ён не выклікаў хаця якога рэзанансу ў грамадстве. І на тое шмат прычынаў. У касцёле ксяндзы мяняюцца “як пальчаткі”. Казаў пра тое Кшыштафу Мікалайчыку. Ён абяцаў заняцца пошукамі далейшых звестак, наведваючы Варшаву. Аднак Кшыштаф з’ехаў да неграў у Афрыку … Казаў іншым глыбоцкім ксяндзам, але і гэтыя разбегліся…

Іншая прычына – ідэалагічная. Не, раённы аддзел ідэалогіі тут не пры чым. Ідэалогія – у галовах людзей! Шмат хто называе Язэпа Корсака здраднікам. Маўляў, перайшоў з праваслаўя ва ўніяцтва. Можна шмат дыскутаваць на гэтую тэму, але паспрабуй кагосьці пераканаць, што ў часы Язэпа Корсака тут не было аніякай Беларусі, а была Літва, а беларусы называліся літвінамі. Маскавіты рабілі набегі на нашу зямлю, палілі гарады і вёскі, забівалі нашых людзей. Не дзіва, што ўсе літвіны (беларусы) у большасці сваёй перайшлі ва ўніяцтва. Якое тут праваслаўнае брацтва, калі іншыя праваслаўныя прыйшлі ў твой дом забіваць цябе!

Для большай пікантнасці дадам некалькі фактаў, якія ў нас чамусьці ў кнігах і газетных публікацыях замоўчваюцца. У 1610 г. Язэп Корсак браў удзел у бітвах за Смаленск, потым у выправах Уладзіслава IV на Маскву. У 1633 годзе ў часе вайны за Смаленск наняў за свой ўласны кошт войска і бараніў на яго чале дзісненскі замак ад маскалёў. Уладзіслаў IV слаў да яго з абозу з-пад Смаленска лісты і ўніверсалы аб дапамозе жаўнерамі, правіянтам і амуніцыяй… І, дарэчы, на сойме 1638 года Я. Корсак атрымаў зварот коштаў, якія ён выдаткаваў на жаўнераў і абарону Дзісны. Ну, тут ужо Я. Корсак выглядае калі не зацятым беларускім нацыяналістам, дык героем і патрыётам Рэчы Паспалітай дакладна.

Аднак вернемся да тэмы. Аўтар не сцвярджае, што на Копцеўцы пахаваны менавіта Язэп Корсак, ваявода Мсціслаўскі і стараста Дзісненскі, уладальнік паўночна-ўсходняй часткі Глыбокага. На тое – недастаткова фактаў, каб адназначна сцвярджаць. Пахаваны нехта J.Korsak. Верагоднасць таго, што гэта магіла слыннага фундатара – не такая ўжо і малая.

Патрэбныя новыя пошукі і даследаванні. Добра было б, каб да пошукаў падключыліся і нашыя землякі, якія цяпер жывуць за межамі краіны.

«Вольнае Глыбокае», №20 (580), 19 траўня 2011 г.




Войти через loginza

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>